Мінск 07:02

Лукашэнка гатовы да “вялікай угоды” з ЗША пры ўмове захавання “сваіх інтарэсаў”

Ілюстрацыя: фэйсбук-акаўнт Дональда Трампа

31 кастрычніка, Позірк. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гатовы да “вялікай угоды” з ЗША, але толькі пры ўмове захавання “сваіх інтарэсаў”. Пра гэта ён заявіў падчас паездкі ў Лепельскі раён Віцебскай вобласці 31 кастрычніка. Пры гэтым Лукашэнка дакладна не акрэсліў, у чым гэтыя інтарэсы заключаюцца.

“Я амерыканцам кажу: вы мяне зразумейце… Трамп, кажу, гэтак жа дзейнічае, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Трамп гатовы з вамі сустрэцца, заключыць вялікую ўгоду [як кажуць яго прадстаўнікі]. Ды бог з вамі. Сутнасць у чым “вялікай угоды”? Мы робім тое, што яны хочуць, а яны робяць тое, што мы хочам — вялікая ўгода. Я кажу: “Мы гатовы, але ў нас ёсць свае інтарэсы. Так, мы не Злучаныя Штаты Амерыкі, але я прэзідэнт. Для мяне беларускі народ — гэта самы горды, самы вялікі, самы велічны. Я — прэзідэнт гэтага народа. Я з гэтага зыходжу”.

Лукашэнка заявіў, што бароніць ва ўгодзе інтарэсы беларускага народа і зробіць толькі тое, што ён ухваліць. “І калі яны мяне зразумеюць — я гэта зраблю. Не зразумеюць — я рабіць не буду. Вось і ўсё. Таму я 30 гадоў працую прэзідэнтам”, — сказаў аратар, які захаваў уладу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года толькі дзякуючы сілавому апарату.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, яго ацэньваюць па канкрэтных кроках: “А, Лукашэнка там гэта адступіць, гэтага, гэтага вызваліў… А навошта, не трэба, хай бы сядзеў”.

Упершыню Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць да “вялікай угоды” з ЗША 14 кастрычніка на нарадзе па пытаннях глабальнай міжнароднай абстаноўкі і развіцця беларуска-амерыканскіх стасункаў.

“Будзем чакаць іх прапановы глабальныя, вялікай угоды, як яны ўмеюць гаварыць (любяць яны гэтыя вялікія ўгоды). Мы да гэтага гатовы. Мы гатовы з імі заключыць вялікую здзелку. На адных вагах — іх пытанні, просьбы і патрабаванні, на другіх вагах — нашы пытанні і патрабаванні. Вырашаем? Давайце будзем вырашаць. Мы да гэтага гатовы. Прапановы [прэзідэнта ЗША] Дональда Трампа ў гэтым плане я абсалютна ацэньваю нармальна. Але павінны быць улічаныя і нашы інтарэсы. І ўсё павінна быць сумленна, як калісьці мы з амерыканцамі дамаўляліся”, — сказаў палітык.

15 кастрычніка намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Басацкі паведаміў, што намеснік спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па Украіне Джон Коўл “дамовіўся пра наступныя траншы вызвалення палітычных зняволеных” у Беларусі. Паводле слоў польскага чыноўніка, які напярэдадні сустракаўся з Коўлам у Вашынгтоне, дамоўленасць тычыцца вызвалення “з рук Лукашэнкі” супрацоўнікаў тэлеканала “Белсат” і польскіх грамадзян.

Калі Лукашэнка хоча “вялікай угоды” з ЗША і рэальнага дыялогу з ЕС, якія маглі б прывесці да зняцця санкцый, ён павінен выканаць шэраг патрабаванняў, заявіў 14 кастрычніка намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Такімі патрабаваннямі, паводле яго слоў, павінны стаць не толькі спыненне рэпрэсій, вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітвязняў, але і “дэкрыміналізацыя грамадскага жыцця”, якая прадугледжвае зняцце з апанентаў улады статусаў “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў”, спыненне завочных судоў і рэабілітацыя ўжо асуджаных.

Рэжым Лукашэнкі, на думку палітыка, таксама павінен спыніць экстэрытарыяльны пераслед, адмяніць так званы “пашпартны ўказ”, які пазбаўляе грамадзян, што знаходзяцца за мяжой, магчымасці атрымаць або абмяняць пашпарт і аформіць большасць відаў даверанасцей.

Гэтыя думкі Латушка паўтарыў 20 кастрычніка на форуме Berlin Belarus Future Forum 2025 у сталіцы Германіі. “Беларуская ўгода” павінна быць у аснове палітыкі ЕС і ЗША, заявіў ён.

23 кастрычніка галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка заявіў у эфіры “Обычного утра”, што новая ідэя Лукашэнкі пра “вялікую ўгоду” з ЗША “змяняе ўвесь фармат” і можа “пашкодзіць працэсу перамоў аб вызваленні палітвязняў”. Аднак гэты працэс не спыняецца, запэўніў дарадца.

Паводле яго слоў, ставіцца ўмова, каб палітвязняў, вызваленых у рамках перамоў з прадстаўнікамі амерыканскай адміністрацыі, і сем’і гэтых зняволеных не праследавалі.

“Гэта была [наша] просьба да амерыканцаў, мы ведаем, што амерыканскі бок гэтае пытанне рэгулярна ставіць, — адзначыў Вячорка. — Каб людзі мелі права застацца, каб сем’і вызваленых не рэпрэсавалі, каб зняты былі абвінавачанні, каб людзям давалі на рукі дакументы, а не адбіралі. Амерыканцы ведаюць пра ўсе-ўсе гэтыя жахі, якія робіць лукашэнкаўскі рэжым. Яны вядуць гэтыя перамовы з вельмі цяжкім бокам, які бачыць палітвязняў толькі як нейкі тавар для гандлю. У той час як амерыканцы бачаць у гэтым гуманітарную місію”.

Падзяліцца: