Мінск 16:05

Былы ваяр палка Каліноўскага Васіль Грачыха прыгавораны да 5 гадоў зняволення — праваабаронцы

1 снежня, Позірк. Разам з былым ваяром беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК) Васілём Верамейчыкам, якога В’етнам выдаў Беларусі, судзілі яшчэ аднаго экс-дабраахвотніка, палітзняволенага Васіля Грачыху, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Паводле звестак праваабаронцаў, мужчын абвінавачвалі паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 і 2 арт. 285 (стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй); арт. 2903 (праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці); ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх); ч. 1 арт. 357 (змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады); ч. 1 і 3 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім); ч. 2 арт. 3613 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным канфлікце); ч. 1 і 2 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці); арт. 364 (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў); ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта); арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады); арт. 389 (пагроза ў дачыненні да суддзі ці народнага засядацеля); арт. 391 (абраза суддзі ці народнага засядацеля).

Раней стала вядома, што Верамейчык прыгавораны да 13 гадоў пазбаўлення волі.

Верамейчык і Грачыха ўтрымліваюцца ў следчым ізалятары № 1 у Калядзічах (Мінскі раён). 

Пра тое, што Грачыха, а таксама экс-кандыдат у члены Каардынацыйнай рады, былы актывіст незарэгістраванай партыі “Народная грамада” Павел Бялюцін дастаўленыя ў Мінск, стала вядома 6 траўня.

Пра Грачыху прапагандысты заявілі, што яго пазыўны “Васіліск”. Сцвярджалася, што ў лютым 2022 года ён выехаў з Беларусі ў Польшчу, пасля падрыхтоўкі ўступіў у ПКК. Паводле інфармацыі прэс-службы палка, Грачыха далучыўся да іх у траўні 2022 года, але пакінуў падраздзяленне ўжо ў чэрвені таго ж года з уласнага жадання.

У сюжэце праводзілася паралель паміж затрыманнем Грачыхі і сітуацыяй з экстрадаваным Верамейчыкам.

Падзяліцца: