Мінск 14:00

Ціханоўская пра вызваленне 20 палітвязняў: Важна, каб ніхто з іх не сутыкнуўся з новым ціскам і пагрозамі

Архіўнае фота: "Позірк"

30 снежня, Позірк. Каментуючы вызваленне чарговай групы палітвязняў, беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заявіла, што “шчыра радая за 20 чалавек і іх сем’і, якія напярэдадні Новага года зноў могуць быць разам”.

“Гэтыя людзі ніколі не павінны былі апынуцца за кратамі. І ніякія прымусовыя “пакаянні” і прызнанні віны не робяць іх вінаватымі, — адзначыла палітык у сваім тэлеграм-канале. — “Памілаванне” — гэта толькі першы крок. Людзі выйшлі з-за кратаў пасля незаконнага зняволення, і цяпер ім патрэбныя спакой, час і ўмовы для аднаўлення. Важна, каб ніхто з вызваленых не сутыкнуўся з новым ціскам і пагрозамі”.

Ціханоўская нагадала, што ў беларускіх турмах “дагэтуль застаюцца сотні палітвязняў”, сярод якіх “людзі з цяжкімі хваробамі, людзі сталага веку, маці і бацькі маленькіх дзяцей”.

“Кожны з іх чакае свайго шанцу вярнуцца дадому. Кожны павінен быць вызвалены, а рэпрэсіі — спыненыя”, — адзначыла яна.

Як паведамляў “Позірк”, 30 снежня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні 22 чалавек, з якіх 20 “былі асуджаныя за злачынствы экстрэмісцкай скіраванасці”. “Сярод памілаваных 15 жанчын і 7 мужчын, 11 чалавек мае непаўналетніх дзецей”, — адзначыў неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы палітыка.

Сцвярджалася, што ўсе гэтыя людзі напісалі прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, а таксама “прызналі віну і раскаяліся ў зробленым”.

“Рашэнне аб памілаванні прынятае прэзідэнтам з гуманітарных меркаванняў і ў інтарэсах сем’яў, а таксама з улікам станоўчых характарыстык памілаваных асоб”, — адзначалася ў паведамленні.

Практыка вызвалення палітвязняў працягваецца ў Беларусі з ліпеня 2024 года. Зафіксавана не менш як 13 хваляў памілаванняў на падставе аналагічных указаў, у выніку якіх на волю выйшла каля 350 чалавек.

Паралельна вязняў перыядычна вызваляюць і высылаюць з краіны — у межах дамоўленасцяў прадстаўнікоў адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з Лукашэнкам (за чатыры такія акцыі ў лютым, чэрвені, верасні і снежні — больш за 190, пераважна палітвязні).

Разам з тым праваабаронцы рэгулярна прызнаюць палітвязнямі новых людзей, якія зазнаюць пераслед з боку ўладаў. Гэта сведчыць пра тое, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, нягледзячы на ​​падобныя акты з боку Лукашэнкі.

Падзяліцца: