Мінск 15:45

У Вільнюсе за нанясенне надпісу “Вільня наша” затрыманы падлетак

Фота: Delfi

26 сакавіка, Позірк. Непаўналетні, які напісаў фарбай “Вільня наша” на набярэжнай у Вільнюсе (Літва), затрыманы 25 сакавіка паліцыяй, паведамляе партал Delfi.

Адзначаецца, што падлетак 2011 года нараджэння затрыманы ў цэнтры літоўскай сталіцы, на праспекце Гедыміна.

Распачатае дасудовае расследаванне па факце парушэння грамадскага парадку.

Надпіс “Вільня наша” быў знойдзены ў Вільнюсе таксама ў панядзелак 23 сакавіка на пешаходным мосце на Заходняй аб’язной дарозе.

У 2024 годзе ў літоўскіх тэлеграм-чатах невядомыя распаўсюджвалі на рускай мове “абсурдныя заклікі сеяць паніку”. Прапаноўвалася за грошы маляваць графіці, якія прасоўваюць ідэі “літвінізму”.

“За адно графіці прапануюць 15 еўра, грошы абяцаюць плаціць крыптавалютай, каб іх атрымаць, трэба даслаць фота графіці”, — адзначаў Delfi.

“Запіс павінен быць зроблены на бачным месцы, пісаць на будынках можна ў любым месцы, галоўнае, каб не пацярпелі культурныя каштоўнасці. Горад любы, але лепш вялікі”, — прыводзіў партал адзін з заклікаў у тэлеграм-чатах.

Надпісы “Вільня наша” перыядычна з’яўляюцца ў людных месцах літоўскай сталіцы, іх расцэньваюць як правакацыю.

У ноч на 4 верасня 2024 года невядомыя абстралялі з пнеўматычнай зброі памяшканне, дзе праводзіць службы беларускі прыход Канстанцінопальскага патрыярхату ў Вільнюсе. У будынку было пашкоджана шкло.

Раней у тым жа годзе невядомыя разбілі шкло ў вокнах размешчанага ў літоўскай сталіцы Цэнтра беларускай культуры і абшчыны.

У ноч на 28 ліпеня 2024 года на будынку беларускай крамы сувеніраў “Кропка” ў Вільнюсе невядомыя пакінулі надпіс на літоўскай мове “Вяртайцеся дадому, беларускія свінні” і разбілі акно.

На пачатак 2024 года, паводле звестак Дэпартамента міграцыі МУС, у Літве пражывала 62.165 грамадзян Беларусі. На 1 сакавіка 2026 года дзейны дазвол на пражыванне ў Літве мела 49.778 грамадзян Беларусі.

Падзяліцца: