Ціханоўская наведала Чарнобыльскую АЭС

25 траўня, Позірк. Чарнобыльскую АЭС і эвакуяваны пасля аварыі на ёй горад Прыпяць наведала 25 траўня ў рамках візіту ва Украіну беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, паведаміла яе прэс-служба.
Паводле слоў палітыка, сёння памяць пра Чарнобыль “набывае асаблівае значэнне на фоне расійскай агрэсіі, акупацыі Чарнобыльскай зоны ў першыя дні поўнамаштабнай вайны і ядзернага шантажу, у тым ліку праз размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі”.
“Пабачыць на ўласныя вочы Чарнобыльскую АЭС і Прыпяць — вельмі цяжкі і эмацыйны досвед. Пустыя вуліцы Прыпяці, пакінутыя дамы, школы, дзіцячыя цацкі — усё гэта ціхі напамін пра тое, як хутка можа абарвацца звычайнае мірнае жыццё. Як адна катастрофа можа пакінуць рану на дзесяцігоддзі”, — адзначыла Ціханоўская.
Дэмлідар падкрэсліла, што “для беларусаў гэта не чужая трагедыя, а наш агульны боль”. “Як і многія беларускія дзеці, я таксама дзіця Чарнобыля. Мы ўдзельнічалі ў чарнобыльскіх аздараўленчых праграмах, дзякуючы якім нас прымалі сем’і ў розных краінах і дапамагалі аднавіць здароўе. Я ніколі не забуду гэтую салідарнасць і дапамогу”, — дадала палітык.
Паводле яе слоў, “у Прыпяці і Чарнобылі асабліва востра адчуваеш, як важна абараняць мір, свабоду і чалавечае жыццё”, і “наколькі небяспечна, калі ўлада знаходзіцца ў руках людзей, для якіх не існуе ні межаў, ні маралі, ані адказнасці”.
“Сёння, калі Расія вядзе вайну супраць Украіны і выкарыстоўвае ядзерны шантаж як інструмент ціску, памяць пра Чарнобыль зноў нагадвае нам, наколькі небяспечнымі могуць быць хлусня, маўчанне і абыякавасць да лёсаў людзей, — заявіла Ціханоўская. — Беларусы ведаюць цану такой катастрофы, і наша краіна не павінна быць часткай ядзерных пагроз”.
“Я веру, што Беларусь і Украіна разам будуць будаваць будучыню без вайны, дыктатуры і ядзерных пагроз”, — адзначыла дэмлідэр.
Пра прыбыццё Ціханоўскай ва Украіну яе прэс-служба паведаміла 25 траўня. У Кіеве палітык усклала кветкі на магілу беларускі Марыі Зайцавай, якая ваявала ў складзе 2-га Інтэрнацыянальнага легіёна і загінула пад Бахмутам на паўднёвым усходзе Украіны.
Праязджаючы праз кіеўскі раён Лук’янаўка, які пацярпеў пасля нападу Расіі на ўкраінскія гарады 24 траўня, дэмлідар адзначыла, што “кожны такі ўдар толькі яшчэ раз паказвае сапраўдную сутнасць пуцінскага рэжыму — рэжыму, які не прызнае ні чалавечага жыцця, ні міжнароднага права, ані межаў”.
Паводле яе слоў, “Расія мэтанакіравана спрабуе зламаць людзей страхам, цемрай, пастаяннымі начнымі абстрэламі”. Ціханоўская лічыць, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі таксама “нясе за гэта сваю адказнасць”, бо “дазволіў выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для агрэсіі, для запуску ракет і размяшчэння расійскай зброі”.
“Але я хачу, каб украінцы ведалі: беларусы — з вамі. Мы падтрымліваем Украіну не таму, што гэта “палітычна правільна”, а таму што адчуваем гэты боль як свой. Мы бачым вашу мужнасць пасля кожнай атакі. У гэтым і заключаецца сапраўдная сіла. І я ўпэўненая: ніводная ракета не зможа зламаць народ, які змагаецца за сваю свабоду і сваю годнасць”, — заявіла палітык.
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаЗа пяць дзён чэрвеня суседнія краіны ЕС зафіксавалі 470 спробаў незаконнай міграцыі з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка



