Мінск 18:20

Крымінальныя справы за хабар распачатыя ў дачыненні да пяці службовых асоб у Гомельскай вобласці

27 траўня, Позірк. Пра раскрыццё схемы “сістэмнай дзелавой карупцыі” ў Гомельскай вобласці паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.

Фігурантамі з’яўляюцца “службовыя асобы прадпрыемстваў”, якія “бралі “адкаты” ад прыватніка”, адзначае ведамства.

“Устаноўлена: пяцёра фігурантаў ва ўзросце ад 28 да 59 гадоў, працуючы на пасадах, звязаных з арганізацыяй правядзення закупак у жыллёва-камунальным і аграрным комплексах, наладзілі сістэматычнае атрыманне незаконных грашовых узнагарод”, — гаворыцца ў паведамленні.

Са студзеня 2023 года да лютага 2026-га “яны атрымлівалі хабары ад прадстаўніка камерцыйнай структуры за спрыяльнае развязанне пытанняў, якія ўваходзяць у іх кампетэнцыю”.

Узбуджана пяць крымінальных спраў.

Паводле звестак Вярхоўнага суда, у 2025 годзе за ўчыненне карупцыйных злачынстваў асуджана 657 асоб — на 7,3% менш, чым у 2024-м (709). З асуджаных 199 чалавек прыгавораныя да розных тэрмінаў пазбаўлення волі. Пазбаўленне права займаць пэўную пасаду або займацца пэўнай дзейнасцю ў якасці асноўнай меры пакарання прызначана 17 асобам, у якасці дадатковай — 557.

У мінулым годзе самы буйны хабар быў атрыманы ў крыптавалюце — на суму, эквівалентную 360 тыс. долараў, паведаміў у сакавіку прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Дзяніс Гарлуковіч.

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе шмат у чым дзякуючы вобразу змагара з карупцыяй і працягвае выкарыстоўваць гэтую тэму. За больш чым 30 гадоў карупцыя так і не была пераможаная.

Падзяліцца: