Мінск 10:45

Уначы 8 чэрвеня праз “гібрыдны напад Беларусі” прыпынялася праца аэрапорта Вільнюса

Ілюстрацыйнае фота: сайт аэрапорта Вільнюса

8 чэрвеня, Позірк. У ноч на панядзелак, 8 чэрвеня, праца аэрапорта Вільнюса прыпынялася на 2 гадзіны 42 хвіліны, паведамляе прэс-служба транспартнага вузла.

Адзначаецца, што “частковыя абмежаванні паветранай прасторы” былі ўведзеныя ў 1:18 “праз гібрыдны напад на Літву, грамадзянскую авіяцыю і грамадства, які здзяйсняецца Беларуссю, — з фіксацыяй навігацыйных знакаў, характэрных для паветраных шароў, на небяспечных для авіяцыі тэрыторыях”.

Абмежаванні былі скасаваныя ў 4:00.

Пасажырам, на чые рэйсы паўплывала гэтая сітуацыя, рэкамендавана “наўпрост звязацца са сваімі авіякампаніямі”.

Гэта ўжо дзясяты выпадак у 2026 годзе, калі праца аэрапорта парушалася праз паветраныя шары. Апошні раз такія абмежаванні ўводзіліся 13 траўня.

Уварванне шароў з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі ў Літву ўвосені і на пачатку снежня 2025 года стала прычынай неаднаразовага закрыцця вільнюскага аэрапорта, што месціцца непадалёк ад мяжы.

Летась 9 снежня ўрад Літвы абвясціў экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі”. Рашэнне было прынятае “ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) навакольнага асяроддзя, якое ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, што перавозяць кантрабанду”.

У спробе прымусіць Мінск паўплываць на сітуацыю Літва з 29 кастрычніка па 19 лістапада 2025 года закрывала мяжу з Беларуссю. Памежныя пераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Аляксандра Лукашэнкі паспеў пастрожыць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, праз што ў краіне захрасла больш за 1 тыс. фур. Працэс іх вывазу пачаўся толькі сёлета 23 сакавіка.

Літва называе спыненне сітуацыі з уварваннем аэрастатаў адной з умоў для пачатку дыялогу з Беларуссю на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў. Такога дыялогу вымагае ад Вільнюса рэжым Лукашэнкі.

Падзяліцца: