Мінск 18:10

Мігранты з Блізкага Усходу прасоўвалі гульнявы бізнес пад выглядам дзейнасці ў ІТ-сферы — МУС

8 чэрвеня, Позірк. Аб спыненні “незаконнай схемы міграцыі” супрацоўнікамі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС пры сілавой падтрымцы АМАПа і спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам “Алмаз“ паведаміла 8 чэрвеня прэс-служба МУС.

Паводле звестак ведамства, садзейнічанне прадстаўнікам краін Блізкага Усходу ў нелегальным уездзе і знаходжанні на тэрыторыі Беларусі надавалі тры жанчыны. Дзве 53-гадовыя фігуранткі стварылі для гэтых мэтаў ІТ-фірмы. Яны “выраблялі і падавалі ў дзяржустановы загадзя падробленыя дакументы аб працаўладкаванні замежных грамадзян на пасады інжынераў-праграмістаў“.

Рэальна, паводле інфармацыі МУС, мігранты “займаліся прасоўваннем анлайн-казіно для сваіх землякоў, бо дзейнасць ігральных пляцовак забароненая на іх радзіме. Для рэкламы бізнесу, каб павялічыць прагляды стрымаў, у адным з арандаваных дамоў на тэрыторыі Мінскага раёна была арганізаваная студыя па вырабе эратычных матэрыялаў“.

Паведамляецца, што “трэцяя з затрыманых, 21-гадовая мінчанка, знаходзіла кліентаў”. Дапамогу ў гэтым ёй надавалі 28 – і 33-гадовыя жыхары блізкаўсходняга рэгіёну“.

Ведамства адзначыла, што, выкарыстоўваючы “шэрую” схему, аферысткі забяспечылі атрыманне віз і дазволаў на часовае пражыванне ў Беларусі як мінімум 40 замежнікам. За свае паслугі бралі “ад паўтары да дзвюх тысяч долараў з чалавека”.

МУС паведаміла аб узбуджэнні крымінальнай справы за арганізацыю незаконнай міграцыі (арт. 3711 Крымінальнага кодэкса) і прымусовай высылцы нелегалаў з краіны. Устанаўліваюцца “іншыя ўдзельнікі злачыннай дзейнасці”.

Інтэрфейс адной з прадэманстраваных на відэазапісе МУС інтэрнэт-пляцовак нелегальных казіно створаны на турэцкай мове. Такім чынам, згаданай ведамствам “краінай Блізкага Усходу“ можа быць Турцыя.

Падзяліцца: