Мінск 17:40

Ціханоўская: Рада, што ў краіне з’яўляецца новае пакаленне беларусаў, якія не вераць хлуслівай рыторыцы прапагандыстаў

1 верасня, Позірк“Я рада таму, што ў краіне з’яўляецца новае пакаленне беларусаў, якія не вераць ілжывай рыторыцы прапагандыстаў. Не прымаюць дыскрымінацыі паводле грамадзянскай пазіцыі, знешнасці, гендэру, або рэлігіі. Захоўваюць унутраную свабоду і застаюцца вернымі сабе. Памятайце: гэта вам вырашаць, якой павінна быць краіна і якім павінен быць свет”, — заявіла Святлана Ціханоўская 1 верасня ў відэазвароце, прысвечаным пачатку новага навучальнага года. 

Дэмакратычны лідар крытычна ацаніла цяперашнюю сістэму адукацыі ў краіне: “Бясконцая папяровая цяганіна, ідэалагічны ціск, састарэлыя метады <…>, закрыццё ліцэяў і прыватных школ — вось сапраўдная рэальнасць”. Пры гэтым “там, дзе рэжым не браўся наводзіць “парадак”, стараліся пераймаць перадавы еўрапейскі вопыт, які мяняў нашу адукацыю ў лепшы бок”. 

Звяртаючыся да настаўнікаў, Ціханоўская падкрэсліла, што “цяпер у Беларусі быць сумленным настаўнікам — сапраўдны подзвіг”. Яна падзякавала ім за стойкасць і заклікала “не здавацца”. “Бо фактычна вы — другія бацькі для нашых дзяцей. Для тых, хто ў хуткім часе будзе будаваць новую Беларусь”, — адзначыла дэмлідар. 

Бацькоў Ціханоўская заклікала “не хаваць праўду” ад дзяцей. “Нават маленькія дзеці здольныя зразумець, што тое, што адбываецца навокал, — гэта ненармальна”, — зазначыла яна, заклікаўшы іх “падтрымліваць не толькі адзін аднаго ў класных супольнасцях, але і настаўнікаў, якім таксама нялёгка”.

Падзяліцца: