Легалізацыя беларусаў, ушанаванне памяці зразумелыя для мірнага часу, але ва Украіне вайна — амбасадар Чарнагор

8 жніўня, Позірк. Легалізацыя беларусаў, ушанаванне памяці загінулых у вайне супраць Расіі — гэта звычайныя рэчы, зразумелыя для ўмоў мірнага часу, але “ва ўмовах ваеннага часу гэта ўсё сапраўды адкладваецца на потым”, заявіў на канферэнцыі “Новая Беларусь” 8 жніўня ў Варшаве Яраслаў Чарнагор, амбасадар МЗС Украіны па асаблівых даручэннях, які адказвае за сувязі з беларускімі дэмсіламі.
Падчас секцыі пытанняў удзельнікі мерапрыемства адзначалі, што беларусы пацярпелі ад блакавання рахункаў ва Украіне; удовы загінулых ваяроў, якія змагаліся на баку Украіны супраць РФ, не атрымліваюць дапамогі ад дзяржавы; беларускія грамадзяне маюць праблемы з легалізацыяй. Апрача таго, ставілася пытанне пра ўшанаванне памяці тых беларусаў, хто аддаў жыццё за Украіну.
“Гэта вельмі непрыемна, і мы гэта прызнаем, — адказаў Чарнагор. — Але хачу сказаць, што ва ўкраінцаў яшчэ ёсць шэраг сваіх праблем, якія патрабуюць вырашэння. <…> Украіна знаходзіцца ў рэжыме вайны. І ўся дзейнасць украінскай дзяржаўнай машыны пераважна акцэнтуецца на выжыванні і жаданні перамогі ў гэтай вайне. Украінская дзяржава, знаходзячыся ва ўмовах вайны, усё-такі з’яўляецца дэмакратычнай дзяржавай. Яна прыслухоўваецца да тых патрабаванняў, якія падае беларуская супольнасць ва Украіне, грамадзянскасць Украіны, і стараецца рэагаваць па меры сваіх магчымасцяў”.
Але гэтых магчымасцяў не так шмат, таму што кожную ноч Украіна цярпіць ад паветраных удараў з боку Расіі, “гінуць звычайныя людзі, не вайскоўцы”, гінуць дзеці, сказаў дыпламат.
Чарнагор адзначыў, што шмат пытанняў на канферэнцыі гучала такім чынам, нібыта Украіна ўжо на парозе міру. “Але напраўду пытанне ў тым, што, магчыма, мы на парозе яшчэ большай вайны, і для ўкраінскай дзяржавы гэта вялікі выклік”, — падкрэсліў ён.
Паводле слоў прадстаўніка МЗС, ва Украіне ёсць занепакоенасць магчымым удзелам Беларусі ў вайне на баку Расіі.
“І тыя ўльтыматыўныя заявы (гаворка пра ультыматум прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зеленскага Аляксандру Лукашэнка адносна зняцця рэтранслятараў для дронаў. — “Позірк”.), і іншыя рэчы скіраваныя на тое, каб пазбегнуць гэтай вайны, каб паказаць, што цана вайны, уступлення Рэспублікі Беларусь у вайну супраць Украіны будзе мець велізарныя наступствы, катастрафічныя для абодвух народаў. <…> Калі мы глядзім на небяспеку пашырэння вайны, тады шмат пытанняў здымаюцца, і дзейнасць украінскай дзяржавы, улады стае больш зразумелай”, — заявіў Чарнагор.
Наконт выплат сем’ям беларусаў, якія загінулі за Украіну, маецца пытанне, “куды пойдуць грошы”, сказаў сустаршыня міжфракцыйнага аб’яднання дэпутатаў “За дэмакратычную Беларусь” Вярхоўнай Рады Украіны Вадзім Галайчук.
“Калі родныя жывуць у Беларусі ці ў Расіі, ці можам мы <…> пагадзіцца, што гэтыя выплаты маюць пайсці ў Расію, маюць пайсці ў Беларусь? Адным словам, існуе такая праблема з фармаваннем гэтай палітычнай волі, і мы пакуль што не ведаем, як вырашыць праблему канкрэтна”, — сказаў Галайчук.
Што тычыцца заблакаваных банкаўскіх рахункаў беларусаў ва Украіне, кіраўніца місіі дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве Святлана Шаціліна адзначыла, што было б лягчэй, калі б прадстаўнікі беларускіх дэмсіл зрабілі на гэты конт канкрэтную, аформленую прапанову.
У любым выпадку ва Украіне па вышэйзгаданых пытаннях патрэбная палітычная воля, якая нібыта ёсць, сказала Шаціліна. Але няма адміністрацыйнага рашэння, якое патрэбнае банку, міграцыйнай службе, дадала яна.


- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПатрэбныя ідэі, каб разварушыць беларусаў замежжа, лічыць ЛябедзькаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаКанферэнцыя "Новая Беларусь" заўжды прыводзіць да "змены палітык" — БаркоўскіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаБабарыка ўсумніўся ва ўплыве дэмсіл, спаслаўшыся на меркаванні "сяброў у Беларусі", Латушка парыраваў: "У нас розныя сябры"Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПалітычныя структуры павінны супрацоўнічаць з грамадскімі ініцыятывамі — Ціханоўская (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка

