Еўрасаюз і дэмакратычныя краіны выказваюць салідарнасць з беларусамі з нагоды гадавіны выбараў-2020

9 жніўня, Позірк. Еўрасаюз, шэраг дэмакратычных краін і міжнародных структур 9 жніўня выказалі ў сацсетках салідарнасць з беларускім народам з нагоды шостай гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020-га.
“Сёння спаўняецца шэсць гадоў з дня фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Тады дэмакратычнае волевыяўленне сотняў тысяч беларусаў было сустрэта з беспрэцэдэнтнай сілай і гвалтам. ЕС разам з беларускім народам выступае за свабодную, дэмакратычную, суверэнную і незалежную Беларусь”, — заявіла Еўрапейская служба знешніх сувязяў (дыпламатычны орган ЕС).
“Адкрыты дыялог са сваімі грамадзянамі, поўная павага іх правоў, вызваленне і рэабілітацыя ўсіх вязняў сумлення — норма дэмакратычнай дзяржавы. Выступаем за добрасуседскія адносіны з суверэннай і дэмакратычнай Беларуссю і свабодным беларускім народам”, — гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Польшчы.
МЗС Літвы падкрэсліў, што Вільнюс працягне “рабіць унёсак” у падтрымку грамадскіх і дэмакратычных сіл Беларусі. “Міжнародная супольнасць павінна працягваць аказваць ціск на рэжым Лукашэнкі, каб ён вызваліў сотні сваіх палітычных зняволеных і спыніў рэпрэсіі”, — адзначыла ведамства.
“9 жніўня 2020 года народ беларуса пачаў пратэставаць супраць махлярскіх прэзідэнцкіх выбараў. Ён выступіў за дэмакратыю і свабоду, але сустрэў жорсткае падаўленне і сістэматычныя парушэнні фундаментальных правоў”, — заявіў МЗС Латвіі.
Праз шэсць гадоў, гаворыцца ў паведамленні, рэжым Аляксандра Лукашэнкі “працягвае сваю рэпрэсіўную палітыку, уключаючы транснацыянальны пераслед беларусаў у выгнанні”.
“Колькасць палітычных зняволеных працягвае расці, — падкрэсліла латвійскае ведамства. — Беларусь працягвае гібрыдную кампанію супраць суседніх дзяржаў ЕС праз інструменталізацыю міграцыі і застаецца датычнай да вайны Расіі супраць Украіны. Мы рашуча асуджаем гэтыя нечалавечыя дзеянні і заклікаем Мінск спыніць іх неадкладна”.
На думку МЗС Эстоніі, “свабоду нельга прымусіць замаўчаць”.
“Будучыня Беларусі належыць яе народу. Кожны дзень беларусы праяўляюць незвычайную мужнасць, адстойваючы сваё права самастойна вызначаць сваю будучыню”, — адзначаецца ў заяве.
“Эстонія цвёрда падтрымлівае дэмакратычныя сілы, якія працуюць на карысць свабоднай, дэмакратычнай і суверэннай Беларусі пад кіраўніцтвам Святланы Ціханоўскай”, — падкрэсліла эстонскае ведамства.
“Сёння Румынія выказвае салідарнасць з грамадзянамі Беларусі, якія працягваюць годна і смела адстойваць свае дэмакратычныя памкненні, нягледзячы на пастаянныя рэпрэсіі. Мы перакананыя, што, як і ў румынскага народа, у беларускага народа будзе магчымасць свабодна вызначаць сваю будучыню і рэалізоўваць свае законныя імкненні да свабоды, дэмакратыі і вяршэнства закона”, — гаворыцца ў заяве МЗС Румыніі.
Бухарэст, як адзначана, пацвярджае “цвёрдую і паслядоўную падтрымку імкнення беларускага народа жыць у вольнай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай дзяржаве як частцы мірнай, квітнеючай і аб’яднанай Еўропы”.
“Мы паўтараем заклік да беларускіх уладаў пачаць сапраўдны і інклюзіўны нацыянальны дыялог, спыніць падтрымку агрэсіўнай вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны і пакласці канец любому ўдзелу ў гібрыдных атаках, накіраваных супраць дзяржаў — членаў Еўрапейскага саюза”, — гаворыцца ў паведамленні.
МЗС Славеніі канстатавала, што прайшло шэсць гадоў з таго часу, як “сфальсіфікаваныя выбары ў Беларусі выклікалі мірныя масавыя пратэсты”, з гэтага пачаліся рэпрэсіі, якія “працягваюцца па гэты дзень”.
“Славенія салідарная з народам Беларусі і падтрымлівае яго імкненне да свабоды, справядлівасці і дэмакратычнай будучыні. Усе палітычныя зняволеныя павінны быць вызваленыя”, — падкрэсліла замежнапалітычнае ведамства балканскай дзяржавы.
Міністр замежных спраў Фінляндыі Эліна Валтанен напісала, што ў жніўні 2020-га беларускаму народу “было адмоўлена ў правядзенні свабодных і справядлівых прэзідэнцкіх выбараў”. “Нягледзячы на рэпрэсіі, якія працягваюцца, яго мужнасць не слабее. Мы салідарныя з беларускім народам і пацвярджаем нашу нязменную падтрымку свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі”, — падкрэсліла кіраўнік фінскай дыпламатыі.
Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы выказаў салідарнасць з беларускімі дэмсіламі і грамадзянскай супольнасцю, заявіўшы, што “голас беларускага народа нельга заглушаць”. “Яго імкненне да свабоднай і дэмакратычнай будучыні заслугоўвае нашай пастаяннай падтрымкі і салідарнасці”, — адзначаецца ў паведамленні.
Еўрапейскі камітэт рэгіёнаў (кансультатыўны орган ЕС), у сваю чаргу заявіў аб салідарнасці з народам Беларусі: “Праз пяць гадоў пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года беларусы працягваюць праяўляць дзіўную мужнасць у сваім імкненні да свабоды, дэмакратыі і вяршэнства закона. ЕКР падтрымлівае ўсіх, хто змагаецца за свабодную і дэмакратычную Беларусь”.
9 жніўня 2020 года — дзень прэзідэнцкіх выбараў, у якіх Аляксандр Лукашэнка, як заявіў падкантрольны яму ЦВК, набраў каля 80%, а яго асноўны супернік Святлана Ціханоўская — 10%. У выніку па ўсёй краіне пачаліся масавыя пратэсты, якія шляхам рэпрэсій у канчатковым выніку былі падушаныя. Арышты, суды і іншыя формы палітычнага пераследу грамадзян працягваюцца дагэтуль.
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаВячорка: Цікавасць да канферэнцыі "Новая Беларусь" вызначае нашу суб'ектнасцьМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПатрэбныя ідэі, каб разварушыць беларусаў замежжа, лічыць ЛябедзькаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаКанферэнцыя "Новая Беларусь" заўжды прыводзіць да "змены палітык" — БаркоўскіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаБабарыка ўсумніўся ва ўплыве дэмсіл, спаслаўшыся на меркаванні "сяброў у Беларусі", Латушка парыраваў: "У нас розныя сябры"Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка


