Мінск 17:28

Кіраўнік МЗС Украіны: Спадзяемся, Беларусь стане свабоднай краінай, будучыню якой пачне вызначаць народ, а не Масква

Фота: старонка Андрэя Сібігі ў "Фэйсбуку"

9 жніўня, Позірк. Шэсць гадоў таму беларускія грамадзяне “выразна прадэманстравалі сваю волю да дэмакратычных перамен і сваё права вызначаць будучыню сваёй краіны”, заявіў на сваёй старонцы ў сацсетцы Х міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга з нагоды гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020-га.

“Іх выбар быў сустрэты рэпрэсіямі, — канстатаваў кіраўнік украінскага МЗС. — Аднак гады ціску, турэмнага зняволення і вымушанай спасылкі не знішчылі імкненне беларусаў да свабоды, дэмакратыі і суверэнітэту”.

Украіна, паводле слоў Сібігі, праводзіць “выразнае адрозненне паміж беларускім народам і рэжымам Лукашэнкі, які нясе адказнасць за развязванне Расіяй агрэсіўнай вайны”.

“Мы цэнім многіх беларусаў, якія падтрымалі Украіну і выступілі супраць расійскай агрэсіі”, — падкрэсліў ён.

“Мы спадзяемся, што аднойчы Беларусь стане свабоднай, незалежнай, дэмакратычнай і еўрапейскай краінай, дзе будучыню краіны будзе вызначаць яе народ, а не Масква. Такая Беларусь умацавала б бяспеку ўсяго нашага рэгіёну”, — дадаў кіраўнік украінскай дыпламатыі.

Украіна, адзначыў ён, працягне цеснае ўзаемадзеянне са Святланай Ціханоўскай і “ўсімі беларусамі, якія хочуць жыць у свабоднай і еўрапейскай Беларусі”.

“Свабодная Беларусь належыць свабоднай Еўропе”, — рэзюмаваў Сібіга.

Старшыня Еўрапарламента Роберта Метсола напісала ў сацсетцы “Трэдс”, што Беларусь “будзе вольнай”.

“Праз шэсць гадоў пасля таго, як людзі ўсталі на абарону сваёй будучыні, іх галасы так і не ўдалося прымусіць замаўчаць. Еўропа падтрымлівае іх і працягне дамагацца таго, каб у Беларусі перамаглі свабода, незалежнасць СМІ і воля яе народа”, — падкрэсліла Метсола.

Член міжфракцыйнай групы Вярхоўнай Рады Украіны “За дэмакратычную Беларусь” Аляксей Ганчарэнка заявіў у сваім тэлеграм-канале, што шэсць гадоў таму Лукашэнка “скраў у беларусаў іх выбар”.

“Пасля сфальсіфікаваных выбараў ён кінуў супраць уласнага народа сілавікоў, катаванні, рэпрэсіі і турмы. А сам паступова ператварыў Беларусь у плацдарм для расійскай агрэсіі і інструмент Крамля”, — падкрэсліў Ганчарэнка.

“Але Лукашэнка — гэта не Беларусь”, — дадаў ён.

Беларусь, паводле слоў украінскага дэпутата, гэта “сотні тысяч людзей, якія ў 2020 годзе выйшлі за свабоду”, гэта “палітычныя зняволеныя, дэмакратычныя сілы і беларусы, якія сёння ваююць супраць расійскага імперыялізму побач з украінцамі”.

“Лёс Беларусі — папярэджанне і для нас: так выглядае будучыня дзяржавы, калі дазволіць дыктатуры і Крамлю атрымаць перамогу. Мы падтрымліваем свабодную Беларусь”, — напісаў Ганчарэнка.

Гл. таксама:

Еўрасаюз і дэмакратычныя краіны выказваюць салідарнасць з беларусамі з нагоды гадавіны выбараў-2020

Кіраўнік МЗС Украіны: Спадзяемся на далучэнне Беларусі да Люблінскага трыкутніка, для гэтага мы супрацоўнічаем з Ціханоўскай

Падзяліцца: