Мінск 15:15

Улады Амурскай вобласці РФ хочуць абменьвацца з Беларуссю досведам выкарыстання беспілотнікаў у сельскай гаспадарцы

Фота ў тэлеграм-канале Васіля Арлова

5 верасня, Позірк. Узмацніць супрацу па ключавым кірунку — сельскай гаспадарцы — прапанаваў беларускай дэлегацыі, што ўдзельнічала ва Усходнім эканамічным форуме (1–4 верасня, Уладзівасток), губернатар Амурскай вобласці Расіі Васіль Арлоў.

“Развіваем навуковыя абмены, селекцыю, ветэрынарную практыку, стажыроўкі спецыялістаў. Прапанаваў узмацніць гэты кірунак — абменьвацца досведам па лічбавізацыі, механізацыі, выкарыстанні беспілотнікаў у АПК (аграпрамысловым комплексе. — “Позірк”.)”, — напісаў кіраўнік рэгіёна ў сваім тэлеграм-канале.

Арлоў паведаміў, што на сустрэчы, у якой, мяркуючы з апублікаваных фотаздымкаў, удзельнічаў кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый Круты, абмяркоўвалася таксама стварэнне сумесных вытворчасцей: “У прыватнасці, існуе зацікаўленасць у арганізацыі малочных вытворчасцей на тэрыторыі вобласці”.

“Працягваем узаемадзеянне па пастаўках беларускай тэхнікі, — адзначыў ён. — У 2025 годзе ў Тамбоўцы (Тамбоўскі раён Амурскай вобласці РФ. — “Позірк”.) арганізавалі працу мультыбрэндавага цэнтра, дзе акцэнт зроблены на сельскагаспадарчай тэхніцы. Цяпер фармуецца патрэба ў тэхніцы на 2027 год”.

Губернатар нагадаў, што ўлетку 2024 года дэлегацыя Амурскай вобласці наведвала Беларусь і сустракалася з Лукашэнкам. За прамінулыя з тае пары два гады, паводле яго слоў, “тавараабарот узрос больш як удвая”. “Гатовыя нарошчваць пастаўкі прадукцыі амурскіх вытворцаў — соевага алею, лецыціну, ізаляту ды іншай прадукцыі перапрацоўкі соі”, — падкрэсліў Арлоў.

Па выніках сустрэчы з кіраўнікамі расійскіх рэгіёнаў на палях УЭФ 3 верасня Крутой заявіў, што Беларусь мае намер удзельнічаць у развіцці інфраструктуры расійскага Далёкага Усходу.

Беларускі чыноўнік анансаваў удзел у развіцці Паўночнага марскога шляху — суднаходнага маршруту ў расійскай Арктыцы, найкарацейшага марскога шляху паміж еўрапейскай часткай РФ і Далёкім Усходам, — які “ўжо трансфармуецца ў больш глабальны праект Трансарктычнага транспартнага калідора, дзе апрача марскога складніка будуць яшчэ падключацца больш лакальныя праекты, звязаныя з чыгуначным і аўтамабільным транспартам”.

“Некалькі губернатараў прапанавалі нам паўдзельнічаць у будаўніцтве партовай інфраструктуры. Што да тых інвестараў, якія на сёння не далі рады, паводле адпаведных судовых рашэнняў парты будуць вяртацца ў федэральную ўласнасць [РФ]. А беларускім кампаніям, беларускім рэзідэнтам прапанавана замацавацца на Паўночным марскім шляху. Гэта вельмі цікавая тэма”, — сказаў Круты.

Падзяліцца: