Мінск 18:17

У Самаркандзе дэпутат Шпакоўскі звязаў правы чалавека з санкцыямі і паскардзіўся на закрыты для беларускага калію порт Клайпеды

Партовая інфраструктура ў Клайпедзе
Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

5 верасня, Позірк. Пра праблему доступу да мора ў кантэксце правоў чалавека выказаўся член камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Аляксандр Шпакоўскі 5 верасня на 12-й глабальнай канферэнцыі маладых парламентарыяў Міжпарламенцкага саюза ў Самаркандзе (Узбекістан).

“Я хацеў бы нагадаць вам пра асноватворную Канвенцыю ААН па марскім праве, — заявіў ён (арганізатары форуму сінхронна перакладалі рускамоўны выступ прадстаўніка Мінска на англійскую мову; пераклад у адваротны бок выканаў “Позірк”). — Артыкул 125 гэтай канвенцыі гарантуе доступ да мора краінам, якія не маюць да яго выхаду. Гэта асабліва актуальна для маёй краіны, для Беларусі, якая не мае выхаду да мора. Аднак гэты доступ залежыць ад суседніх дзяржаў”.

Паводле слоў Шпакоўскага, Беларусь з’яўляецца “буйным вытворцам калійных угнаенняў”, што “неабходныя сельскай гаспадарцы і маюць важнае значэнне для сусветнай харчовай бяспекі”.

“У 2021 годзе доля нашай краіны на рынку калійных угнаенняў складала 18%, цяпер наша доля — 10%, — сказаў дэпутат. — Справа ў тым, што найбольш прымальны маршрут праз літоўскі порт у Клайпедзе закрыты праз еўрапейскія санкцыі, якія былі ўведзеныя ў парушэнне санкцыйнага рэжыму ААН”.

“Я хацеў бы нагадаць, што 700 млн чалавек ва ўсім свеце сутыкаюцца з голадам, а некалькім дзясяткам мільёнаў пагражае смерць ад голаду. У такіх абставінах увядзенне санкцый, асабліва ў дачыненні да тавараў, якія маюць важнае значэнне для сельскай гаспадаркі, такіх як угнаенні, абсалютна непрымальнае”, — дадаў ён.

Шпакоўскі заявіў, што санкцыі ўяўляюць сабой праблему “не толькі для Ірана, Расіі або Беларусі”. Ад розных відаў абмежавальных мер “пакутуе больш за 40 краін з агульнай колькасцю насельніцтва 2,5 млрд чалавек”.

“Менавіта таму мы не можам абмяркоўваць пытанне правоў чалавека, не абмяркоўваючы праблему санкцый. <…> Мы лічым, што неабходна вярнуцца да асноў міжнароднага права”, — адзначыў спікер.

У чэрвені 2021 года Еўрасаюз у адказ на рэпрэсіі ў Беларусі, а таксама прымусовую пасадку рэйса Ryanair у Мінску прыняў пакет сектаральных санкцый, якім сярод іншага абмежаваў імпарт, куплю і перадачу пэўных відаў беларускіх калійных угнаенняў. Забарона закранула не ўвесь калійны экспарт, таму пастаўкі прадукцыі прадпрыемства “Беларуськалій” праз порт у Клайпедзе не спыніліся.

У жніўні таго ж года ЗША ўвялі санкцыі непасрэдна супраць “Беларуськалія”. Адначасова быў вызначаны пераходны перыяд для згортвання аперацый з прадпрыемствам — да 8 снежня 2021 года.

На гэтым фоне пастаўкі беларускага калію, якія працягвалі ажыццяўляць “Літоўскія чыгункі” (LTG), выклікалі палітычны скандал у Вільнюсе. Адмысловая камісія прызнала дагавор паміж LTG і “Беларуськаліем” неадпаведным інтарэсам нацыянальнай бяспекі — і ў студзені 2022-га ўрад Літвы пастанавіў спыніць яго дзеянне з 1 лютага таго ж года. Ад гэтай даты чыгуначны транзіт беларускіх калійных угнаенняў па літоўскай тэрыторыі спыніўся.

У сакавіку 2022 года — неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны, у якой Мінск падтрымлівае Маскву, — ЕС рэзка пашырыў свае ранейшыя абмежавальныя меры ў дачыненні да беларускай калійнай сферы, а ў чэрвені ўвёў санкцыі непасрэдна супраць “Беларуськалія” і Беларускай калійнай кампаніі (БКК).

Пасля вяртання Дональда Трампа ў Белы дом на пачатку 2025 года актывізаваліся публічныя кантакты прадстаўнікоў ЗША і беларускіх уладаў. Па выніках сустрэч Аляксандра Лукашэнкі з амерыканскімі дэлегацыямі, якія сталі перыядычна прыязджаць у Мінск, на свабоду пачалі выходзіць групы палітвязняў (пры гэтым рэпрэсіі ў краіне не спыніліся).

У снежні 2025 года Міністэрства фінансаў ЗША выдала генеральную ліцэнзію, якая дазволіла практычна ўсе раней забароненыя аперацыі з “Беларуськаліем”, БКК і Agrorozkvit. У сакавіку 2026-га амерыканскія ўлады выключылі ўсе тры арганізацыі з санкцыйнага спісу (незадоўга да гэтага Лукашэнка па выніках чарговай сустрэчы з прадстаўнікамі Вашынгтона распарадзіўся вызваліць 250 вязняў).

Пасля гэтага з Вільнюса сталі паступаць супярэчлівыя сігналы: гучалі як заявы пра тое, што ЗША чыняць ціск на Літву з тым, каб тая разблакавала транзіт беларускага калію, так і пра тое, што ніякага ціску няма.

У траўні 2026 года прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа адназначна даў зразумець, што тэма з угнаеннямі з Беларусі закрытая да тае пары, пакуль дзейнічаюць адпаведныя санкцыі ЕС.

Праз некалькі месяцаў, у сярэдзіне ліпеня, Агульны суд Еўрапейскага саюза адхіліў іск літоўскай кампаніі Birių krovinių terminalas (тэрмінал сыпкіх грузаў Клайпедскага порта; 30% акцый належаць беларускаму вытворцу калійных угнаенняў), якая аспрэчвала абмежаванні ЕС, што перашкаджаюць у тым ліку транзіту беларускага калію праз Літву.

Падзяліцца: