Мінск 10:55

Працэс па справе памерлага ў 1990 годзе Буглая, абвінавачанага ў “генацыдзе беларускага народа”, пачнецца 7 верасня

Ілюстрацыя: Tingey Injury Law Firm / unsplash.com

7 верасня, Позірк. Судовы працэс па справе Аляксандра Буглая (нарадзіўся ў 1910 годзе, памёр у 1990-м), які абвінавачваецца паводле арт. 127 КК (генацыд беларускага народа), пачнецца 7 верасня, вынікае з паведамлення прэс-службы Вярхоўнага суда (ВС).

Адзначаецца, што да траўня 1944 года мужчына “ўзначальваў так званы баявы добраахвотніцкі батальён імя Буглая і, будучы беларусам, знішчаў свой народ”.

Падчас папярэдняга расследавання, як адзначае ВС, “высветлена 29 эпізодаў злачыннай дзейнасці Буглая, у тым ліку наўмыснае пазбаўленне жыцця не менш як 174 чалавек, у тым ліку сама меней 27 дзяцей і людзей сталага веку, пра што было загадзя вядома”, а таксама “знішчэнне вёсак на тэрыторыі Гомельскай, Магілёўскай, Мінскай абласцей”. Пасля вайны Буглай пазбег пакарання, эміграваўшы ў ЗША.

Крымінальная справа ў дачыненні да Буглая складаецца з 68 тамоў, па справе праходзяць 15 сведкаў.

Генеральная пракуратура перадала гэтую справу ў ВС 22 ліпеня. Тады наглядны орган паведаміў, заявіў, што Буглай узначальваў ваенізаванае падраздзяленне “Белая каманда”, якое пазней было рэарганізавана ў роту, затым у батальён. Са снежня 1943 года падраздзяленне называлася “Баявы добраахвотніцкі батальён імя Буглая”.

Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны “ад пачатку дыслакацыі на акупаванай тэрыторыі БССР у складзе ўзброеных арганізаваных груп пры 551-й палявой камендатуры і Гомельскай палявой жандармерыі, а таксама “Белай каманды” ўзначальваў названыя фарміраванні і выконваў злачынныя загады вышэйшага кіраўніцтва нацысцкай Германіі”.

Заяўлена, што на тэрыторыях Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей Буглай “пад падставай сувязі з савецкімі партызанамі арганізоўваў і здзяйсняў карныя аперацыі і злачынныя акцыі”.

Апрача забойства 174 мірных грамадзян, паведамляла Генпракуратура, у выніку дзеянняў Буглая было спалена “не менш як 238 жылых дамоў і іншых будынкаў”, выкрадзена маёмасць насельніцтва і сагнана ў рабства “не менш як 77 чалавек”.

Гэта восьмая накіраваная ў суд “крымінальная справа ў дачыненні да нацыстаў і іх памагатых”.

Тэму “генацыду беларускага народа” ўлады пачалі актыўна прасоўваць каля пяці гадоў таму. У 2021 годзе быў прыняты закон “Аб генацыдзе беларускага народа”. Пад беларускім народам у кантэксце дакумента “разумеюцца савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасляваенны перыяд” (да 31 снежня 1951 года).

17 ліпеня 2023 года Лукашэнка падпісаў закон “Аб змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса”, які дазваляе пераследаваць памерлых у крымінальным парадку.

За “адмаўленне генацыду беларускага народа” арт. 130² КК прадугледжвае адказнасць у выглядзе пяці гадоў зняволення, за паўторнае парушэнне закона — ад трох да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Незалежныя гісторыкі і эксперты лічаць, што ўлады выкарыстоўваюць гэтую тэму для дыскрэдытацыі апанентаў. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць змест кнігі “Генацыд беларускага народа”, якая выйшла пад рэдакцыяй на той момант генеральнага пракурора, а цяпер старшыні Вярхоўнага суда Андрэя Шведа. У ёй сцвярджаецца, што масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года з’яўляюцца спробай дзяржаўнага перавароту з выкарыстаннем нацысцкай ідэалогіі. Акрамя таго, да генацыду фактычна прыраўнаваны антысавецкі супраціў у першыя пасляваенныя гады.

Абвінаваўчыя судовыя працэсы над памерлымі “з пункту гледжання элементарных асноў крымінальнага права — гэта нонсэнс”, — заявіла 11 траўня падчас анлайн-дыскусіі “Навошта беларускай дзяржаве вайна з нябожчыкамі?” юрыст Наталля Мацкевіч.

У 2024–2026 гадах паводле арт. 127 вінаватымі прызнаныя Уладзімір Катрук, Канстанцін Смоўскі, Сямён Серафімовіч, Восіп Вінніцкі, Аляксандр Ярмольчык і Ганс Ойген Зіглінг, Антанас Гецявічус. Пакаранне ва ўсіх выпадках не прызначалася, паколькі ўсе фігуранты мёртвыя.

Падзяліцца: