Мінск 14:38

МНС: Беларускае слова натхняе, аб’ядноўвае і захоўвае тое, што робіць нас нацыяй

Ілюстрацыя: vsu.online

6 верасня, Позірк. На падтрымку беларускай мовы ў Дзень беларускага пісьменства выступіла Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

МНС назвала гэта “святам, якое нагадвае пра сілу роднага слова і культурную спадчыну нашай краіны”.

“І ў гэты ж дзень мы ўзгадваем, як важна берагчы мову, кнігу і традыцыі, якія фармуюць нашу агульную ідэнтычнасць. Беларускае слова натхняе, аб’ядноўвае і захоўвае тое, што робіць нас нацыяй”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.

МНС заклікала да развіцця беларускага слова, каб яно заставалася “надзейным арыенцірам для будучых пакаленняў”.

Ведамства нагадвае пра наяўнасць беларускамоўнай версіі свайго сайту, дзе “можна знайсці навіны, тлумачэнні, рэкамендацыі па бяспецы і іншыя важныя інфармацыйныя матэрыялы на роднай мове”.

5 і 6 верасня ў Касцюковічах (Магілёўская вобласць) праходзіць XXXIII Дзень беларускага пісьменства.

Як вынікае з сёлетняй статыстыкі Міністэрства адукацыі, у 58% школ і гімназій выкладанне прадметаў на беларускай мове не вядзецца. Беларускія школы працуюць галоўным чынам у сельскай мясцовасці, таму колькасць іх навучэнцаў не перавышае 10% агульнай па краіне.

Падзяліцца: