Мінск 19:50

КР прапанавала на пасаду прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы АПК Вераніку Станкевіч 

24 верасня, Позірк. Вераніка Станкевіч прапанаваная Каардынацыйнай радай (КР) на пасаду прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы ў Аб’яднаным пераходным кабінеце (АПК) па выніках галасавання, гаворыцца ў заяве КР.

Паведамляецца, што Станкевіч — журналістка па адукацыі, мае досвед працы ў бізнесе, палітычных структурах і арганізацыях грамадзянскай супольнасці. З 2022 года яна кіруе ініцыятывай “Вольныя”, якая працуе з былымі беларускімі палітзняволенымі і іх сем’ямі.

“Сярод яе прыярытэтаў — развіццё экстранай дапамогі, прэвентыўнай сацыяльнай палітыкі, падрыхтоўка да пераходнага перыяду і распрацоўка доўгатэрміновых рэформаў для будучай дэмакратычнай Беларусі”, — адзначае КР.

“Адным з першых інструментаў” у працы прадстаўніцтва павінна стаць стварэнне “карты сацыяльных патрэбаў і ўразлівасцяў беларусаў, якая дапаможа выяўляць праблемы і бар’еры ў доступе да падтрымкі”, лічаць заяўнікі.

Аб вылучэнні кандыдатуры Станкевіч на пасаду паведаміла 17 верасня фракцыя “Кааліцыя Латушка і Рух “За Свабоду” ў Каардынацыйнай радзе.

Днем пазней дзевяць дэлегатаў ад розных фракцый вылучылі Юлію Міцкевіч, былую намесніцу прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы па пытаннях гендарнай роўнасці і ўразлівых груп, а апошнія паўтара месяца — в.а. абавязкі прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы АПК.

19 верасня фракцыя КР “Беларусы дзеяння” вылучыла на пасаду ментарку ініцыятывы “Вольныя” Таццяну Лукаянаву.

Прадстаўнікоў АПК прызначае яго кіраўніца Святлана Ціханоўская.

Падзяліцца: