Урад Літвы ўхваліў новыя абмежаванні для грамадзян Беларусі і РФ — цяпер справа за Сеймам

1 кастрычніка, Позірк. Урад Літвы 30 верасня ўхваліў падрыхтаваную Міністэрствам замежных спраў прапанову абмежаваць у краіне дзейнасць расіян і беларусаў, якія падтрымліваюць агрэсію супраць Украіны.
Цяпер, як паведамляе нацыянальны вяшчальнік LRT, адпаведныя папраўкі ў закон аб нацыянальных санкцыях мае разгледзець Сейм.
МЗС прапанавала не дапускаць фізічных і юрыдычных асоб з РФ і Беларусі — прадстаўнікоў арганізацый, якія хочуць займацца публічнай дзейнасцю ў сферы адукацыі, навукі і навучання, культуры, спорту, мастацтва і забаў, калі будзе высветлена, што раней яны займаліся гэтым на анексаваных або часова акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны, наўпрост ці ўскосна падтрымліваюць вайну супраць украінскага народа альбо ўдзельнічалі ў ёй.
Пры гэтым абмежаванні не будуць распаўсюджвацца на тых, хто на гэтых тэрыторыях відавочна выступаў супраць агрэсіі, акупацыі або анексіі, публічна дэманстраваў нязгоду з такімі дзеяннямі і сваёй дзейнасцю аб’ектыўна не спрыяў рэалізацыі інтарэсаў акупацыйных уладаў.
Акрамя таго, прапануецца не дапускаць у Літву асоб, якія “прадпрымаюць дзеянні або праводзяць палітыку, што наносяць шкоду тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны, яе стабільнасці або бяспецы”, а таксама тых, хто “наўпрост ці ўскосна падтрымлівае грубыя парушэнні правоў чалавека або рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл у Расіі і Беларусі альбо чыя дзейнасць пагражае дэмакратыі ці прававой дзяржаве”.
Літоўскае знешнепалітычнае ведамства прапануе абавязаць ахвотных займацца такой дзейнасцю ў Літве “падпісваць публічную дэкларацыю з асуджэннем расійскай агрэсіі супраць Украіны і пацвярджэннем падтрымкі яе тэрытарыяльнай цэласнасці”. Адмова ад падпісання дакумента будзе падставай для забароны на такую дзейнасць.
Калі пералічаныя абставіны не будуць высветленыя, прадстаўнікі РФ і Беларусі змогуць працаваць у Літве “толькі як нейтральныя ўдзельнікі, якія не прадстаўляюць дзяржаву свайго грамадзянства”.
Прапануецца таксама абмежаваць расіянам і беларусам з дазволам на жыхарства ў Літве магчымасць набываць нерухомасць побач з аб’ектамі, важнымі для нацыянальнай бяспекі, або вайсковымі палігонамі. У дадатак грамадзянам Беларусі без ДНЖ і юрыдычным асобам, якія ім належаць, набыццё нерухомасці ў такіх раёнах таксама будзе забароненае. Для грамадзян РФ такія абмежаванні ўжо дзейнічаюць.
Абмежаванні не будуць распаўсюджвацца на атрыманне нерухомасці ў спадчыну.
Калі Сейм ухваліць папраўкі, яны набудуць моц 1 студзеня 2027 года. Дагаворы аб публічнай дзейнасці, заключаныя да гэтага тэрміну, маюць быць перагледжаныя і ўдакладненыя да 28 лютага 2027 года.
Закон аб абмежавальных мерах дзейнічае ў Літве з 2023 года. Яго мэтай з’яўляецца дэманстрацыя падтрымкі Украіны і абмежаванне пэўных правоў грамадзян Расіі і Беларусі. Да гэтае пары Літва прымала асобныя рашэнні аб забароне ўезду некаторым артыстам, якія падтрымліваюць рэжым Уладзіміра Пуціна і выступалі ў Расіі або Крыме.
У красавіку 2026 года Сейм Літвы падоўжыў да канца 2027 года дзеянне нацыянальных санкцый у дачыненні да грамадзян РФ і Беларусі. Абмежаванні ўключаюць, у прыватнасці, забарону на набыццё нерухомасці ў Літве грамадзянамі Расіі, якія не маюць дазволу на пражыванне, а для грамадзян Беларусі прадугледжаныя дадатковыя праверкі пры ўездзе праз знешнюю мяжу ЕС.
21 студзеня паведамлялася, што пагрозай дзяржаўнай бяспецы ў Літве ў 2025 годзе прызнаныя 1.634 грамадзяніны Беларусі.
Дэпартамент міграцыі пры МУС балтыйскай дзяржавы адзначыў, што адпаведныя рашэнні прынятыя “пасля ацэнкі сабранай публічнай і непублічнай інфармацыі, а таксама даных, атрыманых ад Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі”.
Колькасць беларусаў, якія, на думку літоўскага боку, нясуць пагрозу бяспецы, павялічылася амаль у тры разы ў параўнанні з 2024 годам, калі такія рашэнні былі прынятыя ў дачыненні да 598 беларускіх грамадзян.
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь заняла чацвёртае месца на тэрыторыі былога СССР па росце афіцыйнага курсу долара ў студзені–верасні 2026 года (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка



