Мінск 17:08

26-гадовы мужчына аштрафаваны за спробу незаўважна ўвезці ў Беларусь з Польшчы каштоўныя наборы манет

Ілюстрацыя: 2eur.eu

1 кастрычніка, Позірк. За спробу ўвезці ў Беларусь з Польшчы нумізматычныя наборы без дэкларавання 26-гадовы В. аштрафаваны на 20 базавых велічынь (900 рублёў), паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда.

Адзначаецца, што рашэнне 21 верасня вынес суд Маскоўскага раёна Брэста, які прызнаў, што мужчына здзейсніў правапарушэнне паводле ч. 2 арт. 15.1 КаАП (перамяшчэнне тавараў, якія трапляюць пад дэклараванне, праз мытную мяжу ЕАЭС з утойваннем ад мытнага кантролю спосабам, які ўскладняе выяўленне).

Згодна з матэрыяламі справы, сёлета ў ліпені В. ехаў на аўтамабілі ў Беларусь праз зялёны калідор пункта мытнага афармлення Варшаўскі мост (пункт пропуску Брэст, з польскага боку — Цярэспаль). Манеты былі знойдзеныя ў цёмным папяровым пакеце, схаваным за прыборнай панэллю пад стырном. Дастаць іх з-пад панэлі атрымалася толькі “з дапамогай сілы цягліц”.

У схованцы было шэсць манет ANDORRA і восем манет SAN MARINO. Агульны кошт гэтых прадметаў, якія трапляюць пад дэклараванне, — 3.200 рублёў.

Заяўлена, што апрача манет В. перавозіў “24,5 кг іншага тавару” агульным коштам 542,59 еўра. За гэта яго прыцягнула да адміністрацыйнай адказнасці Брэсцкая мытня.

Усе незадэклараваныя тавары ў мужчыны канфіскаваныя.

У ліпені 2026 года беларускія мытнікі спынілі спробу вывезці ў Польшчу 28 старадаўніх банкнот, якія экспертыза прызнала культурнымі каштоўнасцямі. Кіроўца аўтамабіля ехаў праз “чырвоны калідор”, але ў дэкларацыі не пазначыў выяўленыя ў яго банкноты, вырабленыя больш за 100 гадоў таму. У дачыненні да мужчыны распачалі адміністрацыйны працэс паводле артыкула аб недэклараванні тавараў.

У студзені 2026 года Брэсцкая мытня распачала адміністрацыйны працэс у дачыненні да 45-гадовага беларуса, які спрабаваў незаўважна ўвезці з Польшчы больш за 15,5 кг парцалянавых вырабаў. Мужчына ехаў праз “зялёны калідор”, а пры аглядзе ў аўтамабілі і багажы ў яго выявілі фігуркі, посуд, падсвечнікі і свяцільні коштам больш за 28 тыс. рублёў. Пяць вырабаў эксперт прызнаў культурнымі каштоўнасцямі — яны былі вырабленыя больш за 50 гадоў таму. Груз канфіскавалі да рашэння суда.

Падзяліцца: