У Беларусь з кожным месяцам прыбывае ўсё менш грамадзян Украіны — даныя Дзяржпагранкамітэта

1 кастрычніка, Позірк. У верасні 2026 года ў Беларусь прыбыло 3.690 грамадзян Украіны, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.
У жніўні, як заяўляла ведамства, іх было 4.944 (ліпені — 6.302, чэрвені — 7.669). Такім чынам, за першы месяц восені ў параўнанні з першым месяцам лета колькасць грамадзян Украіны, што прыбылі ў Беларусь, зменшылася ў 2,1 раза.
Непасрэдна праз украінска-беларускую мяжу ў верасні накіравалася 2 чалавекі (у жніўні — 10, ліпені — 3, чэрвені — 7), транзітам праз Польшчу — 3.096 (4.135; 5.393; 6.722 адпаведна), Літву — 569 (766; 859; 873), Латвію — 23 (33; 47; 67).
Паводле інфармацыі Дзяржпагранкамітэта, агульная колькасць украінцаў, якія ўехалі ў Беларусь з 1 студзеня да 1 кастрычніка, — 59.326 (прыбыло праз украінска-беларускую мяжу — 48, транзітам праз Польшчу — 52.038, Літву — 6.886, Латвію — 354).
Якія мэты прыбыцця, невядома. Аднак, паводле неафіцыйнай інфармацыі, значная частка грамадзян Украіны прыязджае ў Беларусь для таго, каб пасля трапіць на акупаваныя РФ украінскія тэрыторыі — наведаць сваякоў або паспрабаваць абараніць сваю маёмасць, якую нацыяналізуюць расійскія ўлады ў тых, хто з’ехаў у краіны ЕС. З краін Еўропы арганізоўваюцца адмысловыя туры.
Крыніцы “Позірку” паведамляюць, што на практыцы частку ўкраінцаў без тлумачэння прычын не ўпускаюць у Беларусь. Разам з тым многія даязджаюць да Масквы. У аэрапорце Шарамецьева праходзіць фільтрацыя — абавязковая працэдура для грамадзян Украіны, што прыбываюць у РФ, якая ўключае агляд, анкетаванне, праверку мабільных прыладаў і гутарку з супрацоўнікамі спецслужбаў (ФСБ). Працэдура цягнецца ад некалькіх гадзін да двух сутак, узровень адмоў — 30–50%. Тыя, каму адмовілі, едуць назад праз Беларусь у краіны ЕС.
У лютым 2024 года Ігар Кізім, які тады займаў пасаду пасла па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі, заявіў у інтэрв’ю “Позірку”, што “Дзяржпагранкамітэт Беларусі займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай вады маніпуляцыяй”: “Вы нідзе не знойдзеце ў адкрытых крыніцах даных пра колькасць украінцаў, якія выехалі з вашай краіны. Сумленным і прыстойным з боку ДПК было б даваць гэтую статыстыку. Насамрэч гаворка ідзе не пра транзітных уцекачоў або людзей, якія ўехалі ў Беларусь, каб папрасіць прытулку. Гэта, як і раней, простыя паездкі ўкраінскіх грамадзян”.
25 чэрвеня 2026-га МЗС Беларусі ўручыла часоваму паверанаму ў справах Украіны ў Мінску Івану Навіцкаму ноту з прапановай арганізаваць “сезонны пропуск прыгранічнага насельніцтва на тэрыторыю Беларусі для збору дзікаросаў”. У Дзяржаўнай памежнай службе Украіны, каментуючы прапанову, адзначылі, што Кіеў “не пагодзіцца на гэта, бо гэта (мяжа з Беларуссю. — “Позірк”.) небяспечная лінія і пропуск у краіну, якая падтрымлівае краіну-тэрарыстку (РФ. — “Позірк”.), немагчымы”.
Згодна з апошнімі абнародаванымі данымі ААН (на 30 чэрвеня 2026 года), па ўсім свеце было зарэгістравана 5.787.470 украінскіх уцекачоў, у тым ліку ў краінах Еўропы — 5.159.480.
Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь заняла чацвёртае месца на тэрыторыі былога СССР па росце афіцыйнага курсу долара ў студзені–верасні 2026 года (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка



