Мінск 08:54

Загадчыца крамай у Іванаўскім раёне прысуджаная да 4 гадоў зняволення за прысваенне 218 тыс. рублёў, у судзе яна віну не прызнала

14 кастрычніка, Позірк. Пры прысуд па справе 47-гадовай загадчыцы крамы ў Іванаўскім раёне (Брэсцкая вобласць) паведаміла Генеральная пракуратура.

Паводле матэрыялаў следства, жанчына працавала “на пасадзе прадаўца з ускладаннем на яе функцый загадвання крамай райспажыўтаварыства”, цягам пяці гадоў яна “прысвойвала атрыманыя ад рэалізацыі тавараў грошы”.

“У прыватнасці, — гаворыцца ў паведамленні, — яна адлюстроўвала не ў поўным аб’ёме аперацыі па продажах у касавым абсталяванні крамы. У выніку супрацьпраўных дзеянняў абвінавачаная прысвоіла больш за 218 тыс. рублёў арганізацыі. Прысвоенымі сродкамі жанчына распарадзілася па сваім меркаванні, у тым ліку выдаткавала іх на набыццё дарагой бытавой тэхнікі і мэблі”.

Адзначаецца, што фігурантка не прызнала віну ў судзе, “прычыненую шкоду кампенсавала толькі на 700 рублёў”.

Жанчына прызнана вінаватай паводле ч. 4 арт. 211 Крымінальнага кодэкса (прысваенне альбо растрата), прысуджаная да чатырох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам у памеры 100 базавых велічынь (4,5 тыс. рублёў). Таксама яна на пяць гадоў пазбаўленая права займаць пасады, звязаныя з улікам, захоўваннем і распараджэннем таварна-матэрыяльнымі каштоўнасцямі.

Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны.

Падзяліцца: