Мінск 21:54

Мінск мае намер змяніць пагадненне з РФ аб збудаванні БелАЭС, якое ўжо завершана

Крыніца: старонка ДП "Беларуская АЭС" у сацсетцы "УКантакце"

10 лістапада, Позірк. Аляксандр Лукашэнка ўхваліў праект пратакола аб унясенні змен у міжурадавае пагадненне з Расіяй аб супрацоўніцтве пры будаўніцтве Беларускай АЭС. Базавая дамова была заключана 15 сакавіка 2011 года.

Згодна з указам № 346 ад 2 лістапада, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 10 лістапада, праект пратакола ўхвалены “ў якасці асновы для перагавораў”. Правесці іх Лукашэнка ўпаўнаважыў Савет міністраў.

У дзень падпісання ўказа ўрад сваёй пастановай № 760 даручыў правесці гэтыя перагаворы міністру энергетыкі Віктару Каранкевічу.

Сутнасць карэктаванняў не раскрываецца. Адметна, што 1 лістапада спецкамісія на чале з намеснікам прэм’ер-міністра Пятром Пархомчыкам падпісала акт прыёмкі ў эксплуатацыю другога энергаблока БелАЭС. На гэтым збудаванне атамнай станцыі было завершана.

Беларуская АЭС узведзена паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) пераважна за кошт крэдыту РФ паводле праекта ВВЭР-1200. Станцыя пабудавана ў супрацоўніцтве з расійскай дзяржкарпарацыяй “Расатам”.

Першы энергаблок АЭС сілкуе энергасістэму Беларусі з 3 лістапада 2020 года (прамыслова эксплуатуецца з чэрвеня 2021-га), другі — з 13 траўня гэтага года.

Падзяліцца: