Мінск 09:55

Ціханоўская: Мы будуем міжнародную кааліцыю ў падтрымку незалежнай і свабоднай Беларусі

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

10 лістапада, Позірк. Упэўненасць у тым, што Беларусь зможа ўступіць у Еўрапейскі саюз, выказала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 10 лістапада на канферэнцыі “Эстонія — Беларусь” у Таліне, паведаміў “Позірку” галоўны дарадца палітыка Франак Вячорка.

“Гэта атрымалася ў нашых балтыйскіх суседзяў — Літвы, Латвіі, Эстоніі. Цяпер да гэтага набліжаюцца Малдова і Украіна. Я ўпэўнена, гэта атрымаецца і ў нас”, — заявіла Ціханоўская.

Яна нагадала, што Беларуская Народная Рэспубліка і Эстонская Рэспубліка абвясцілі незалежнасць на пачатку 1918 года і ў ліку першых прызналі адзін аднаго. Пасля падзей 2020 года многія беларусы, ратуючыся ад рэпрэсій, знайшлі прытулак у гэтай балтыйскай дзяржаве, адзначыла палітык.

“Мы будуем міжнародную кааліцыю ў падтрымку незалежнай і свабоднай Беларусі. ЗША і Эстонія з’яўляюцца нашымі ключавымі саюзнікамі, — заявіла дэмлідар. — У нас атрымліваецца захоўваць адзінства сярод дэмакратычных сіл. Веру, што толькі разам, мы зможам перамагчы прарасійскі рэжым у Мінску”.

Паводле яе слоў, апазіцыя будзе дабівацца прыцягнення рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці за “злачынствы супраць чалавечнасці”, а таксама за “вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый”.

“Ужо сёння мы рыхтуем да выдачы новы беларускі пашпарт, які дапаможа вырашыць шэраг праблемаў з легалізацыяй беларусаў за мяжой. <…> Мы павінны падтрымліваць беларускіх палітвязняў і рэпрэсаваных. <…> У лукашэнкаўскіх турмах тысячы палітвязняў, якія патрабуюць нашай падтрымкі. Турмы нічым не адрозніваюцца ад сталінскіх. <…> Вызваленне ўсіх палітвязняў — наша агульная задача”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Падзяліцца: