Мінск 16:50

МУС: Ужо зараз разлічваюцца сілы і сродкі для недапушчэння дэстабілізацыі абстаноўкі на выбарах

Падчас сустрэчы Фота: прэс-служба МУС

12 снежня, Позірк. Міністэрствам унутраных спраў “ужо зараз разлічваюцца сілы і сродкі” для недапушчэння “дэстабілізацыі абстаноўкі” падчас маючых адбыцца ў лютым 2024 года выбараў, “падрыхтоўваюцца рашэнні на ахову грамадскага парадку”. Пра гэта, як паведаміла прэс-служба МУС, заявіў падчас сустрэчы кіраўніцтва і супрацоўнікаў міністэрства са старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) Беларусі Ігарам Карпенкам першы намеснік міністра Юрый Назаранка 12 снежня.

Кіраўнік ЦВК, у сваю чаргу, падзякаваў супрацоўнікам органаў унутраных спраў за “садзейнічанне ў перыяд правядзення рэферэндуму 2022 года”, дзе, паводле яго слоў, “была выбудавана эфектыўная сістэма ўзаемадзеяння, прадэманстравана зладжанасць пры забеспячэнні працы камісій і ахове правапарадку”.

Карпенка “вылучыў хуткае рэагаванне на запыты па праверцы звестак аб кандыдатах, а таксама сур’ёзны падыход да забеспячэння грамадскага парадку на ўчастках”. Сярод пытанняў, якія патрабуюць сумесных з МУС намаганняў, ён абазначыў “аснашчэнне выбраных для правядзення галасавання аб’ектаў сістэмамі відэаназірання”.

У 2024 годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя рады. Адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага. На працягу 60 дзён пасля яго адбудзецца першае паседжанне Ўсебеларускага народнага збору ў новым статуце.

Паводле інфармацыі ЦВК, сфарміраваны 1.394 тэрытарыяльныя і акруговыя выбарчыя камісіі, у склад якіх увайшло 9.459 чалавек. Участкі для галасавання будуць утвораны не пазней за 10 студзеня 2024 года, а ўчастковыя выбаркамы — не пазней за 25 студзеня.

Падчас выбараў будзе забаронена фатаграфаваць і выкладваць у інтэрнэт запоўнены бланк бюлетэня — як падчас датэрміновага галасавання, так і ў дзень выбараў. За парушэнне гэтага патрабавання пагражае адміністрацыйная адказнасць.

У 2020 годзе на прэзідэнцкіх выбарах многія выбаршчыкі фатаграфавалі свае бюлетэні і адпраўлялі на электронную платформу “Голас”, што стала адным са сведчанняў фальсіфікацыі ўладамі вынікаў галасавання на карысць Лукашэнкі.

З 1996 года незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЕ.

МУС традыцыйна актыўна прыцягвалася да падаўлення пратэстаў і арганізацыі рэпрэсій, у тым ліку пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Падзяліцца: