Мінск 18:01

Лукашэнка сцвярджае, што Беларусь і РФ ужо затрымалі “дзясяткі два груп тэрарыстаў”

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

14 снежня, Позірк. “Мы з Расійскай Федэрацыяй, напэўна, ужо дзясяткі два затрымалі груп тэрарыстаў, якія імкнуцца перш за ўсё да тэрарыстычных аперацый на тэрыторыі Расіі і Беларусі”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 14 снежня ў Мінску на сустрэчы з кіраўнікамі органаў бяспекі і выведвальных службаў краін СНД.

“Мы бачым вельмі сур’ёзную актыўнасць на тэрыторыі Беларусі, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Зразумела, што гэты “санітарны кардон” (на тысячу кіламетраў акно атрымалася, балкон, акно — хто як называе)… Зразумела, што будуць пастаянна яго імкнуцца абрэзаць, каб выйсці туды праз Смаленск, як заўсёды, да Масквы. Шчыра кажу: гэтага дазволіць мы не можам і будзем усяляк са сваімі саюзнікамі прытрымлівацца гэтай лініі”.

Ён сцвярджае, што актыўнасць замежных спецслужбаў набывае “усё больш агрэсіўны характар”: “Спрабуюць стварыць экстрэмісцкія ячэйкі, фармуюць нейкія палкі з нашых збеглых, прыцягваюць наймітаў”.

Заявіўшы, што “не згушчае фарбы”, а “наадварот, не ўсё можа сказаць”, Лукашэнка назваў сведчаннем таму “рэзанансныя акцыі ў Мачулішчах (калі спрабавалі здзейсніць напад на вайсковы аэрадром і знішчыць расійскую тэхніку), Гродна, спробы падрыву чыгункі ў розных рэгіёнах краіны”.

Інфармацыя пра выбухі на аэрадроме Мачулішчы (Мінскі раён) з’явілася 26 лютага. Сцвярджалася, што пашкоджаны рэдкі і дарагі вайсковы самалёт А-50.

Арганізацыя былых сілавікоў ByPol першапачаткова заявіла, што гэта вынік аперацыі ўдзельнікаў плана “Перамога”, якія выкарысталі дроны-камікадзэ, а самі знаходзяцца за мяжой. Пазней з’явілася інфармацыя пра сумесную аперацыю ByPol і Службы бяспекі Украіны.

ДзяржСМІ і афіцыйныя асобы некалькі дзён пасля здарэння ігнаравалі тэму, а пасля сталі масава пераконваць людзей у спраўнасці самалёта.

7 сакавіка Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў рэальнасць інцыдэнту, назваў тое, што адбылося, тэрактам і ўсклаў адказнасць на Кіеў.

Камітэт дзяржбяспекі заявіў пра затрыманне больш як 20 чалавек, у тым ліку нібы непасрэднага выканаўцы Мікалая Швеца, які быў названы агентам украінскай спецслужбы.

На пачатку красавіка намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак у эфіры тэлеканала АНТ заявіў, што фігурантам крымінальнай справы аб нападзе на расійскі вайсковы самалёт А-50 выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму, здзейснены арганізаванай групай).

Падзяліцца: