Мінск 09:37

Лукашэнка сцвярджае, што апавясціў кіраўніцтва спецслужбаў “усіх вядучых краін” пра далейшую ваенную падтрымку РФ

Аляксандр Лукашэнка на Абуз-Лясноўскім палігоне 6 студзеня 2023 года
Фота: прэс-служба Лукашэнкі

14 снежня, Позірк. Пра нядаўнія зносіны з кіраўніцтвам спецслужбаў “усіх вядучых краін” заявіў Аляксандр Лукашэнка 14 снежня ў Мінску на сустрэчы з кіраўнікамі органаў бяспекі і выведвальных службаў краін СНД.

“Добра, супраць Расіі [выступаюць на Захадзе] — там Украіна, яшчэ нешта… Мы ж чаго ім вінныя? Мы НАТО што вінныя? Мы ціха, спакойна жывем, нікому не мяшаем. Я ім (кіраўнікам замежных спецслужбаў. — Позірк.) задаваў наўпрост пытанне: “Вы ад нас чаго хочаце? Вы што, не ведалі, што мы з Расіяй заключылі дамову, што ў нас самае шчыльнае ваенна-палітычнае супрацоўніцтва?” — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Ён сцвярджае, што прадстаўнікі нейкіх спецслужбаў папракнулі яго ў дапамозе РФ, на што ён нібыта адказаў: “Дапамагаем і будзем дапамагаць”.

“Мы гэта шчыра кажам, мы ніколі гэта не хавалі. Гэта наш саюз, — сказаў ён. — З таго часу, калі я сказаў, што ў спіну рускім мы страляць не дазволім праз тэрыторыю Беларусі. Мы гэтага прынцыпу прытрымліваемся. Што тут не было зразумела да канфлікту ва Украіне? Усё было дакладна і зразумела. А вы — 50 краін — падтрымліваеце сёння Украіну. Даўно ўжо гэта вайна ператварылася з расійскага канфлікту з Украінай у вайну Расіі супраць усяго “цывілізаванага” Захаду (захаваныя двукоссі з арыгінальнага паведамлення прэс-службы). Вы ведаеце, не адмаўляюць. Ну тады што ад нас вы хочаце?”

Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь заўжды будзе прытрымлівацца “транспарэнтнай, адкрытай палітыкі”.

“Мы вымушаны абараняць сябе і дапамагаць сваім саюзнікам. Такая палітыка будзе праводзіцца і надалей”, — папярэдзіў ён.

У лютым 2022 года Расія здзейсніла поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Афіцыйны Мінск садзейнічае Маскве ў агрэсіі супраць украінскага народа.

Падзяліцца: