Мінск 15:38

Цягам тыдня звольнена два топ-кіраўнікі, якія адказвалі за працу БелАЭС

Міхаіл Філімонаў
Фота: ostrovets.by

4 студзеня, Позірк. Цягам тыдня вызвалены ад пасадаў два топ-кіраўнікі, якія адказвалі за працу Беларускай атамнай электрастанцыі.

4 студзеня Аляксандр Лукашэнка прызначыў генеральным дырэктарам станцыі 51-гадовага ўраджэнца Гомеля Сяргея Бабовіча. З 10 жніўня 2020 года ён працаваў намеснікам генеральнага дырэктара дзяржаўнага вытворчага аб’яднання “Белэнерга”.

Раней, з першых дзён рэалізацыі праекта, БелАЭС кіраваў Міхаіл Філімонаў. У 1980 годзе ён скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, з тых часоў працаваў у сферы энергетыкі.

29 снежня рашэннем урада быў адпраўлены ў адстаўку намеснік міністра энергетыкі 68-гадовы Міхаіл Міхадзюк, які непасрэдна курыраваў працу БелАЭС.

На пасадзе намесніка кіраўніка Мінэнерга Міхадзюк працаваў з 2005 года.

Будоўля БелАЭС паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) завяршылася восенню 2023 года. Станцыя пабудавана па расійскім праекце, генеральным падрадчыкам выступіла дзяржаўная карпарацыя “Расатам”.

Першы энергаблок АЭС сілкуе энергасістэму Беларусі з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня гэтага года. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзены ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова казаў пра магчымасць будоўлі ў Беларусі яшчэ адной АЭС.

Гл. таксама:

Мінэнерга абвяргае інфармацыю агенцтва “Блумберг” аб няштатнай сітуацыі на БелАЭС у 2022 годзе

Першы блок БелАЭС уключаны ў сетку пасля планава-папераджальнага рамонту

Падзяліцца: