Мінск 22:20

Нацбанк: Платформа лічбавага рубля будзе працаваць на тэхналогіі размеркаванага рэестра

Крыніца: pixabay.com

6 лютага, Позірк. Праўленне Нацыянальнага банка ўхваліла Канцэпцыю лічбавага беларускага рубля (ЛБР) і вырашыла пачаць распрацоўку яго платформы.

У дакуменце пазначана, што ЛБР — гэта “законны плацежны сродак, які выконвае ўсе функцыі грошай, мае аднолькавую каштоўнасць з наяўным і безнаяўным беларускім рублём, з’яўляецца прамым патрабаваннем да Нацбанка і эмітуецца ім”.

Чакаецца, што разлікі з ЛБР будуць адносіцца да безнаяўных разлікаў.

Лічбавы беларускі рубель плануецца ўкараніць, каб пашырыць “умовы для развіцця нацыянальнага плацежнага рынку”, а таксама стварыць “патэнцыял для выкарыстання лічбавай валюты цэнтральнага банка ў трансгранічных плацяжах”.

На думку рэгулятара, сярод іншага гэта дазволіць забяспечыць “высокі ўзровень” захаванасці грошай насельніцтва, не прывязвацца да аднаго банку і падвысіць даступнасць паслуг на аддаленых і маланаселеных тэрыторыях за кошт магчымасці аплаты ў афлайн-рэжыме.

Бізнесу і фінансавым арганізацыям гэта дазволіць “знізіць парог уваходу на рынак новых удзельнікаў”, а таксама “пашырыць магчымасці для вядзення бізнесу праз выкарыстанне смарт-кантрактаў, зніжэнне патрэбнасці ва ўнутрыдзённай ліквіднасці і памяншэнне кошту трансгранічных плацяжоў”.

Дзяржава ў сваю чаргу пашырыць магчымасці “інтэграцыі нацыянальнай плацежнай сістэмы з плацежнымі сістэмамі краін-партнёраў” і зробіць больш танным “адміністраванне бюджэтных плацяжоў”.

Рэгулятар адзначае, што “ў якасці мэтавай функцыянальнай мадэлі ЛБР вызначана гібрыдная, якая прадугледжвае яго даступнасць для фізічных і юрыдычных асоб пры ўдзеле фінансавых арганізацый, што выкарыстоўваюць сваю інфраструктуру для абслугоўвання кліентаў”.

Прадугледжваецца, што платформа ЛБР будзе функцыянаваць на аснове “тэхналогіі размеркаванага рэестра”, што дасць магчымасць “паўнавартасна рэалізаваць функцыянал дэцэнтралізаваных фінансаў для нацыянальнай валюты і інтэграваць платформу лічбавага беларускага рубля з платформамі лічбавых валют цэнтральных банкаў краін-партнёраў”.

На платформе плануецца рэалізаваць “смарт-кантракты, афлайн-плацяжы і ананімныя транзакцыі”.

Паводле даных Нацбанка, у сярэднетэрміновай перспектыве трэба “выканаць шэраг маштабных і складаных работ” па ўкараненні ЛБР, адлюстраваных у дарожнай карце. Сярод іх “распрацоўка платформы, дэталёвая прапрацоўка эканамічных і тэхналагічных аспектаў правядзення трансгранічных плацяжоў у лічбавых валютах цэнтральных банкаў” ды інш.

Падзяліцца: