Мінск 19:03

“Вясна”: Падчас студзеньскага рэйду сілавікоў пад пераслед трапілі мінімум 224 чалавекі

Ілюстратыўнае фота: pixabay.com

7 лютага, Позірк. Не менш за 224 чалавек трапіла пад пераслед падчас масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў і былых палітвязняў 23–24 студзеня, абсалютная большасць затрыманых — жанчыны, паведаміў 7 лютага праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Паодле інфармацыі праваабаронцаў, тэлефоны некаторых затрыманых пасля ператрусаў і допытаў забралі для праверкі, а камусьці аддалі тэлефон з ўстаноўленым міліцэйскім тэлеграм-ботам “Магніт”, які дазваляе сілавікам дыстанцыйна сачыць за акаўнтам.

Некалькі чалавек, затрыманых падчас рэйду, асуджаныя паводле ч. 2 арт. 24.15 КаАП — “выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці ці іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам”.

Праваабаронцы звяртаюць увагу, што раней гэты артыкул для палітычных рэпрэсій не выкарыстоўваўся. Другая частка артыкула 24.15 КаАП цягне накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь з канфіскацыяй атрыманай дапамогі, для юрыдычных асоб — штраф да 100% ад атрыманай дапамогі з канфіскацыяй гэтай дапамогі.

У згаданыя дні па Беларусі пракацілася хваля ператрусаў і затрыманняў сваякоў палітычных зняволеных, былых палітвязняў і інш. Некаторыя з затрыманняў звязаныя з праектам харчовай дапамогі рэпрэсаваным INeedHelp, які 16 студзеня быў прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

На некаторых затрыманых заведзеныя крымінальныя справы. Папярэдне людзям інкрымінаваныя арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім) і арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) КК.

Падзяліцца: