Мінск 03:50

Ціханоўская пра Навальную: Я паважаю яе рашэнне працягнуць справу мужа

20 лютага, Позірк. “Я шчыра ёй спачуваю, і падтрымліваю яе як жанчына жанчыну. І я паважаю яе рашэнне працягнуць справу мужа”, — заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў каментары “Новай газеце. Еўропа”.

Ціханоўская назвала ўдаву расійскага апазіцыянера і палітвязня Аляксея Навальнага “вельмі моцным чалавекам”.

Палітык пракаментавала параўнанне з Навальнай: “Я думаю, нас параўноўваюць з Юліяй праз нашых мужоў. Яны кінулі выклік дыктатарам, і за гэта пацярпелі. Канешне, сітуацыі ў Беларусі і Расіі розныя. У Беларусі ў 2020 годзе прайшлі выбары, на якіх мяне падтрымала большасць, і менавіта гэта дало мне права і магчымасць прадстаўляць беларусаў”.

На думку Ціханоўскай, палітычны шлях Навальнай залежыць “ад яе самой, каманды, ад згуртаванасці расійскай апазіцыі”: “Я думаю, многія хочуць чуць голас не-пуцінскай Расіі, Расіі, якая паважае суседзяў, іх суверэнітэт і ідэнтычнасць, супраць імперскасці ў любой форме ”.

Ціханоўская сустрэлася з Навальнай 16 лютага ў Мюнхене.

Раней дэмлідар выступіла з заявай у сувязі са смерцю Навальнага, сказаўшы, што яго “мэтанакіравана забіў пуцінскі рэжым”.

Аляксей Навальны памёр 16 лютага ў папраўчай калоніі “Палярны воўк” у пасёлку Харп Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі РФ. Яму было 47 гадоў.

Адміністрацыя калоніі паведаміла, што палітвязень дрэнна адчуў сябе пасля прагулкі і страціў прытомнасць. Выкліканая брыгада хуткай дапамогі канстатавала смерць.

Расійскія дзяржСМІ паведамілі, што ў Навальнага адарваўся тромб.

19 лютага Юлія Навальная ў відэазвароце паабяцала працягнуць справу мужа.

Навальны — расійскі грамадскі і палітычны дзеяч дэмакратычнай арыентацыі. Вядомы барацьбой з карупцыяй шляхам выкрыцця фінансавых махінацый расійскіх уладаў і асабіста прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і публікацыі адпаведных матэрыялаў у інтэрнэце. Яго выпускі ў “Ютубе” глядзелі дзясяткі мільёнаў людзей. Узначальваў створаны ім Фонд барацьбы з карупцыяй.

20 жніўня 2020 года быў атручаны. Яму стала дрэнна ў самалёце, які ляцеў з Томска ў Маскву. Пазней Навальны запаў у кому, 24 жніўня быў дастаўлены на лячэнне ў берлінскую клініку “Шарытэ”. Сляды атрутнага рэчыва з групы “Навічок” былі знойдзены лабараторыяй Узброеных сіл Германіі. Даследаванне праводзілася на запыт клінікі “Шарытэ”. 2 верасня 2020 г. вынікі аналізаў былі афіцыйна абвешчаныя нямецкім ўрадам.

17 студзеня 2021 года затрыманы пасля вяртання ў Расію ў маскоўскім аэрапорце Шарамеццева.

Пасля гэтага яго неаднаразова судзілі паводле розных крымінальных артыкулаў. 4 жніўня 2023 года Маскоўскі гарадскі суд прыгаварыў Навальнага да 19 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі асаблівага рэжыму па справе аб стварэнні экстрэмісцкай супольнасці.

У 2020 годзе палітык падтрымаў пратэсты ў Беларусі. Неаднаразова крытыкаваў рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Падзяліцца: