Мінск 18:05

Вакол БелАЭС абсталявана ахоўная зона — Карпянкоў

Фота: sb.by

16 сакавіка, Позірк. Вакол Беларускай атамнай станцыі абсталявана “спецыяльная двух-трохкіламетровая зона, у якую ніхто са старонніх не павінен трапляць”, заявіў дзяржСМІ намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі (УВ) Мікалай Карпянкоў.

“БелАЭС ахоўваецца нашым асаблівым батальёнам. Для таго каб павысіць узровень баявой і спецыяльнай падрыхтоўкі, у маі мінулага года мы надалі яму статус батальёна спецыяльнага прызначэння. У яго структуры створаны даволі вялікі па колькасці атрад спецыяльнага прызначэння “Цыклон”, які добра ўзброены, укамплектаваны, мае БПЛА”, — цытуе Карпянкова “СБ. Беларусь сегодня”.

УВ і аператыўныя службы крымінальнай міліцыі, УБАЗіК па Гродзенскай вобласці “працуюць на апярэджанне па атрыманні і праверцы інфармацыі, недапушчэнні экстрэмісцкіх правакацый” на станцыі.

“Мы стараемся, каб нашы новыя спецпадраздзяленні як мага больш працавалі па захопу кантрабандыстаў, у сферы ўзаемадзеяння з крымінальным блокам органаў унутраных спраў (сілавое прыкрыццё аператыўнікаў міліцыі пры затрыманні наркакур’ераў, наркадылераў, экстрэмістаў, гандляроў зброяй, чорных капальнікаў)”, — сказаў камандуючы УВ.

Паводле яго слоў, яны цесна ўзаемадзейнічаюць з падраздзяленнямі спецыяльнага прызначэння органаў пагранслужбы і пагранзаставамі: “Нашы ваеннаслужачыя перыядычна знаходзяцца ва ўкраінскім прыграніччы — праводзяць сумеснае патруляванне, праверку інфармацыі, забяспечваюць ахову дзяржграніцы ў глыбіню, перакрываюць кантрабандныя сцежкі”.

Унутраныя войскі былі актыўна задзейнічаны ў падаўленні масавых пратэстаў у 2020 годзе, яны таксама прыцягваліся да разгону вулічных акцый у ранейшыя гады.

З канца 2022 года ў іх складзе актыўна ствараюцца новыя спецпадраздзяленні, у першую чаргу, з ліку кантрактнікаў, якія раней адслужылі ў СТСТ: “Рысь”, “Беркут”, “Гонар”, “Смерч”, “Шторм”, “Тайфун”, ” Буран”, “Цыклон”, “Тарнада” і “Граніт”.

Трэніроўкай УВ займаюцца баевікі расійскай ПВК “Вагнер”.

Завяршыліся чарговыя вучэнні ўнутраных войскаў з удзелам “дасведчаных інструктараў”

15 сакавіка, Позірк. Завяршыўся сёмы сезон курса тактыка-спецыяльнай падрыхтоўкі ваеннаслужачых спецпадраздзяленняў унутраных войскаў (УВ) з удзелам “дасведчаных інструктараў”, паведамляецца ў тэлеграм-канале УВ. Адзначаецца, што на працягу трох тыдняў больш за 150 афіцэраў упраўленняў злучэнняў і воінскіх часцей, а таксама курсантаў …
Падзяліцца: