Мінск 08:33

Савет міністраў замежных спраў СНД прыняў заяву “ў абарону правоў СМІ” і “свабоды меркавання”

Крыніца: cis.minsk.by

12 красавіка, Позірк. Савет міністраў замежных спраў (СМЗС) СНД па выніках пасяджэння ў Мінску 12 красавіка прыняў заяву аб “забеспячэнні бяспечных умоў прафесійнай дзейнасці журналістаў і недапушчэнні ўшчамлення іх правоў”.

Як паведамляецца на сайце выканкама СНД, “права на свабоду меркавання, яго выказвання і доступ да адкрытай інфармацыі” з’яўляюцца “найважнейшымі складнікамі сучаснага грамадства, гарантаванымі асноватворнымі міжнароднымі дакументамі ў галіне правоў чалавека”.

“У сувязі з гэтым міністры замежных спраў выступаюць у абарону правоў СМІ і за забеспячэнне іх плюралізму, адзначаюць недапушчальнасць неабгрунтаваных забаронаў на ажыццяўленне журналістамі сваёй прафесійнай дзейнасці, — гаворыцца ў заяве.

У дакуменце прапануецца фарміраваць у інфармацыйным асяроддзі “аб’яднальны пазітыўны парадак дня”, заяўляецца аб “недапушчэнні распаўсюджвання навін, якія правакуюць міжнацыянальную і рэлігійную варожасць”, “стварэнні і забеспячэнні бяспечных і спрыяльных умоў для журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, якія выконваюць сваю працу”.

У Беларусі практычна не засталося незалежных грамадска-палітычных СМІ. Многія рэдакцыі пасля разгрому (ператрусы, канфіскацыя тэхнікі, арышты, блакаванне) альбо закрыліся, альбо працуюць за мяжой. Некаторыя незалежныя інтэрнэт-СМІ, якія засталіся ў краіне, у інтарэсах бяспекі пераключыліся на бытавыя тэмы.

9 красавіка міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” (RSF) звярнула ўвагу на ўзмацнелыя рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць незалежных журналістаў.

“Многія прафесіяналы былі вымушаныя адправіцца ў выгнанне, прычым найбольшая хваля эміграцыі была зафіксаваная ў перыяд з лета 2020 года па лета 2021 года, у асноўным у Польшчу і Літву. Аднак гэта не гарантуе бяспеку журналістаў, якія часам сутыкаюцца з ціскам на іх сваякоў, якія застаюцца ў краіне, або санкцыямі праз іх супрацоўніцтва з незалежнымі СМІ, унесенымі ўладамі ў спіс “экстрэмісцкіх”, — адзначаецца ў заяве.

Па выніках 2023 года Беларусь заняла 157 месца сярод 180 краін у Сусветным індэксе свабоды прэсы RSF.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у няволі ўтрымліваюцца 34 прадстаўнікі СМІ.

Падзяліцца:
be