Мінск 11:48

Лукашэнка лічыць саюзніцтва Беларусі і РФ пытаннем выжывання дзвюх краін

26 кастрычніка, Позірк. Беларусь і Расія “шмат робяць” сёння, “каб утрымаць не толькі Еўропу, але і свет ад скочвання да самай небяспечнай рысы”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 кастрычніка ў Мінску на сустрэчы з міністрам замежных спраў РФ Сяргеем Лаўровым.

Сяргей Лаўроў і Сяргей Алейнік (злева направа)
Фота: неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі

Мінск “і надалей будзе прытрымлівацца гэтай лініі”, падкрэсліў Лукашэнка, якога цытуе яго прэс-служба.

“Мы надзейныя саюзнікі Расійскай Федэрацыі. Вы ў гэтым таксама можаце не сумнявацца. Ніякай тут гульні быць не можа, бо мы разумеем, што на карту пастаўлена вельмі шмат. І ў прынцыпе выжывальнасць нашых дзяржаў і нашых народаў”, — адзначыў ён.

Падмуркам стасункаў дзвюх краін, на яго думку, з’яўляецца тавараабарот, які ў 2023 годзе “дасягне рэкорднага ўзроўню”. “Невялікая па памерах Беларусь уваходзіць у пяцёрку паводле тавараабароту з вялізнай, гіганцкай Расіяй. Таксама шмат пра што кажа”, — сцвярджае Лукашэнка.

Беларусь і РФ, на яго думку, забяспечаць свой суверэнітэт “у тым, што тычыцца эканомікі і іншага”.

“Нават там, дзе мы крыху падсталі, спадзеючыся на тое, што мы будзем сумленна супрацоўнічаць з “прасунутымі” Еўропай і калектыўным Захадам, — упэўнены ён. — Мы гэта навярстаем. <…> Мы выпрацавалі пэўныя напрамкі. Прыклад таму мікраэлектроніка і іншыя кірункі”.

Лаўроў на сустрэчы з беларускім калегам Сяргеем Алейнікам 25 кастрычніка ў Мінску заявіў, што Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе ўжо “патрапалася” і не выконвае сваё прызначэнне.

“Даўно час было пачынаць рух да фармавання еўразійскай платформы, сістэмы, структуры бяспекі. Няма ніводнай арганізацыі, якая ахоплівае ўсе праблемы нашага кантынента”, — падкрэсліў расійскі чыноўнік.

На думку Лаўрова, без аб’яднання ўсіх існуючых арганізацый кантынента — АСЕАН, ШАС, АДКБ, ЕАЭС — “будзе цяжэй выкарыстоўваць на карысць нашых краін і народаў тыя канкурэнтныя перавагі, якія нам дае агульная прастора”.

З 24 лютага 2022 года Расія пры падтрымцы Беларусі і некаторых іншых недэмакратычных краін вядзе поўнамаштабную вайну супраць Украіны. АБСЕ асуджае дзеянні Расіі і яе сатэлітаў у Мінску.

Падзяліцца: