Мінск 08:08

Спецслужбы Беларусі даўно працавалі з ўцёкшым суддзёй Шмытам, сцвярджае прэм’ер Польшчы

Томаш Шмыт, які ўцёк з Польшчы ў Беларусь
Фота: БелТА

7 траўня, Позірк. Стасункі суддзі Томаша Шмыта, які выехаў з Польшчы ў Мінск, з беларусамі “маюць даўнюю гісторыю”, гэта не справа “апошніх месяцаў”, паведамляе партал Onet.pl са спасылкай на польскага прэм’ер-міністра Дональда Туска.

Асноўная праблема, паводле слоў кіраўніка ўрада, заключаецца ў тым, што “спецслужбы, у гэтым выпадку беларускія”, працавалі з чалавекам, які “меў доступ да міністра юстыцыі <…> і да інфармацыі, да якой не можа мець доступ ні адна спецслужба”.

Туск хоча, “каб грамадская думка ўсведамляла напружанасць, якую можа выклікаць прысутнасць замежных службаў у сувязі з вайной”, а таксама каб у грамадзян краіны “не было ілюзій адносна характару дзеянняў некаторых людзей, якія паставілі перад сабой мэту разбурыць польскую прававую сістэму”.

“І сёння шмат што паказвае на тое, што мы назіраем і ў іншых еўрапейскіх краінах — спробы падарваць прававы і дэмакратычны парадак з дапамогай агентаў і правакацый, а таксама агрэсію ў кіберпрасторы. Усё гэта ўсё больш сінхранізуецца і не пакідае ілюзій наконт мэты, якую Масква і Мінск ставяць перад сабой у бліжэйшыя месяцы”, — заявіў польскі прэм’ер.

Суддзя 2-га аддзялення Ваяводскага адміністрацыйнага суда Варшавы Томаш Шмыт “пакуль неафіцыйна” папрасіў “статус палітычнага ўцекача” ў Беларусі. Інфармацыя пра гэта з’явілася 6 траўня ў тэлеграм-канале, створаным трыма днямі раней ад яго імя на польскай і рускай мовах.

Паводле публікацыі, Шмыт вымушана пакінуў Польшчу “з прычыны нязгоды з палітыкай і дзеяннямі ўладаў”. Ён нібыта “падвяргаўся пераследам і пагрозам за самастойную палітычную пазіцыю”. Цяпер знаходзіцца ў Беларусі.

“Я хацеў бы дазволіць сабе звярнуцца непасрэдна да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, — заявіў Шмыт на прэс-канферэнцыі, арганізаванай дзяржінфармагенцтвам БелТА ў Мінску 6 траўня. — Я вельмі прашу прабачэння за маю смеласць, але дазволю сабе папрасіць апеку, ахову прэзідэнта і ў цэлым Беларусі”.

Падчас прэс-канферэнцыі Шмыт падпісаў “заяву аб адстаўцы з пасады суддзі ваяводскага адміністрацыйнага суда”.

У 2019 годзе польскія СМІ паведамлялі, што пад кіраўніцтвам тагачаснага намесніка міністра юстыцыі Лукаша Пебяка існавала група, якая дыскрэдытуе суддзяў, што выступалі супраць змен у судовай сістэме, уведзеных партыяй “Закон і справядлівасць” (PiS), якая кіравала ў той час.

Эмілія Шмыт, якая на той момант была жонкай суддзі, апублікавала ў сацыяльных сетках і перадала шэрагу польскіх СМІ фатаграфіі асабістых спраў і канфідэнцыйную інфармацыю пра некаторых суддзяў, не згодных з судовай рэформай PiS, якая прывяла да іх дыскрэдытацыі і выклікала “хейтэрскі скандал” у дачыненні да іх.

У 2022 годзе ў інтэрв’ю uwaga.tvn.pl жанчына заявіла, што Шмыт “паведаміў ёй дэталі акцыі, у якой браў удзел”, а яна перадавала інфармацыю, таму што яе мужу “была патрэбна яе дзейнасць, каб прасунуцца вышэй”.

28 жніўня 2019 года тагачасны старшыня Нацыянальнага савета юстыцыі Лешэк Мазур заявіў, што падпісаў дакумент аб звальненні суддзі Шмыта з пасады дырэктара юрыдычнага дэпартамента Нацыянальнага савета судовай улады.

26 верасня 2019 года рашэннем Вышэйшага адміністрацыйнага суда Шмыт быў адноўлены на пасадзе ў Ваяводскім адміністрацыйным судзе Варшавы.

Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў каментары tvn24.pl заявіў, што ён “у шоку” ад сітуацыі са Шмытам: “У нас ужо быў здраднік, здаецца, гэта ў нечым падобны выпадак”.

17 снежня 2021 года Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў, што польскі вайсковец Эміль Чэчка (11-ы Мазурскі артылерыйскі полк 16-й Паморскай механізаванай дывізіі) папрасіў палітычнага прытулку ў краіне, паколькі “не згодны з палітыкай Польшчы адносна міграцыйнага крызісу мігрантамі”. Ён заяўляў пра нібыта масавыя расстрэлы мігрантаў сваімі саслужыўцамі.

Беластоцкая акруговая пракуратура выдала ордар на арышт Чэчкі, яму пагражала да 10 гадоў пазбаўлення волі.

17 сакавіка 2022 года мужчына быў знойдзены павешаным у мінскай кватэры. Яго пахавалі ў Беларусі.

Падзяліцца: