Мінск 19:49

Кіраўніца Еўрапарламента заклікала неадкладна вызваліць палітзняволеную Шарэнда-Панасюк

Скрыншот: тэлеканал "Беларусь 1"

22 траўня, Позірк. Неадкладна вызваліць палітзняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк заклікала яе сімвалічная хросная, старшыня Еўрапейскага парламента Рабэрта Метсола.

“Месца Паліны Шарэнда-Панасюк не ў беларускай турме, а на волі, са сваёй сям’ёй”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацсетцы Х 21 траўня, у Міжнародны дзень салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі.

Метсола заклікала рэжым Аляксандра Лукашэнкі вызваліць усіх палітычных вязняў.

Шарэнда-Панасюк 21 траўня мусіла выйсці на волю пасля 3 гадоў і 5 месяцаў у няволі па некалькіх палітычна матываваных крымінальных справах. Аднак 19 траўня яе павезлі з калоніі ў гомельскі следчы ізалятар, а ў дзень, калі чакалася яе вызваленне, жанчыне трэці раз выставілі абвінавачанне паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі).

Муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда назваў тое, што адбываецца з ёй, “здзекам, катаваннем і павольным забойствам”.

Паводле даных праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, 2 траўня суд Рэчыцкага раёна (Гомельская вобласць) усталяваў за палітзняволенай прэвентыўны нагляд. Гэтая мера прадугледжвае назіранне органаў унутраных спраў за тым, як вызваленая з месцаў пазбаўлення волі асоба выконвае часовыя абмежаванні і ўскладзеныя на яго абавязкі.

22 сакавіка стала вядома, што жанчына звярнулася з прашэннем аб памілаванні да Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта яна паведаміла ў інтэрв’ю дзяржтэлеканалу “Беларусь 1”.

У чэрвені 2021 года суд Маскоўскага раёна Брэста прыгаварыў Шарэнда-Панасюк да двух гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза прэзідэнта) КК.

У красавіку 2022 года палітвязня прысудзілі яшчэ да аднаго года зняволення паводле ч. 1 арт. 411 КК, у кастрычніку 2023-га — яшчэ да аднаго года паводле таго ж артыкула.

21 сакавіка Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь зрабіць тэрміновыя захады для абароны Шарэнда-Панасюк. Гэта першы такі выпадак па справах супраць Беларусі.

Раней муж, які знаходзіцца з дзецьмі ў эміграцыі, паведамляў, што Шарэнда-Панасюк “мінімум 32 разы змяшчалася ў нечалавечыя ўмовы” штрафнога ізалятара і карцара, а яшчэ “каля 150 дзён” правяла ў памяшканні камернага тыпу.

Падзяліцца: