Мінск 14:34

Дзяржпагранкамітэт: За апошні тыдзень Беларусь без віз наведала 3,6 тыс. жыхароў суседніх краін ЕС

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

27 траўня, Позірк. З 20 па 27 траўня Беларусь без віз наведаў 3.671 жыхар суседніх краін Еўрасаюза (з 15 па 19 траўня — 2.797), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэта.

За гэты перыяд у краіну прыбыла 1.352 грамадзяніны Літвы (1.046), 1.073 грамадзяніны і 343 неграмадзяніны Латвіі (926 і 293 адпаведна), 903 грамадзяніны Польшчы (532).

З 1 студзеня 2024 года бязвізам скарысталіся 88.108 замежнікаў з Еўрасаюза: 41.053 грамадзяніны Літвы, 21.911 грамадзян і 6.192 неграмадзяніны Латвіі, а таксама 18.952 грамадзяніны Польшчы.

Усяго ад пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму ў Беларусь накіравалася 888.714 замежнікаў: 536.264 грамадзяніны Літвы, 206.712 грамадзян і 62.307 неграмадзян Латвіі, а таксама 83.431 грамадзянін Польшчы.

Бязвіз дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў падаўжаў яго тэрмін, апошні раз — да канца 2024 года.

Улады названых суседніх краін неаднаразова заклікалі суайчыннікаў не наведваць Беларусь з меркаванняў бяспекі.

18 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (з беларускага боку — Лоша) і Цвярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

Пасля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

19 верасня 2023 года праз узрослую плынь нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Падзяліцца: