Мінск 02:26

Ціханоўская абмеркавала з прэм’ер-міністрам Партугаліі санкцыі супраць беларускіх калійных угнаенняў

Фота: сайт Святланы Ціханоўскай

27 траўня, Позірк. Абмежаванні ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі абмеркавала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Партугалію з прэм’ер-міністрам гэтай краіны Луішам Мантэнегру, паведамляе прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК).

Адзначаецца, што кіраўніца АПК выказала спадзяванне на “плённае і шчыльнае супрацоўніцтва з Партугаліяй”, а таксама захаванне прынцыповай пазіцыі ў дачыненні да Беларусі аб ізаляванні рэжыму, “але не беларусаў”.

Палітыкі абмеркавалі пытанне санкцый, “у прыватнасці, тых, што тычацца беларускіх калійных угнаенняў”.

“Раней Партугалія была адной з краінаў, якая, паводле журналістаў, прапаноўвала змякчыць абмежаванні супраць гандлю ўгнаеннямі з Беларусі”, — адзначаецца ў паведамленні.

Ціханоўская заклікала Партугалію “надалей прытрымлівацца санкцыйнай палітыкі, пакуль не будуць вызваленыя палітвязні”.

Таксама дэмлідар прапанавала ўраду арганізаваць супольныя мерапрыемствы “для абмену досведам у галіне пераходнай справядлівасці і вывучэння досведу Партугаліі ў пераходзе ад дыктатуры да дэмакратыі”.

Цягам візіту кіраўніца АПК таксама плануе сустрэцца з міністрам замежных справаў Партугаліі, а таксама ўзяць удзел у Еўрапейскім форуме “Сoncordia”, які прысвечаны міру і бяспецы ў Еўропе.

Паведамляецца, што мерапрыемства пройдзе ў Порту ў закрытым фармаце і збярэ чыноўнікаў, палітыкаў і дыпламатаў з дзясяткаў краінаў свету.

8 студзеня кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заявіў, што гарманізацыі санкцый у адносінах да Расіі і рэжыму Лукашэнкі не адбываецца, бо яна блакуецца некаторымі членамі Еўрапейскага саюза.

У прыватнасці, адзначыў ён, Партугалія блакавала прыняцце новага пакета санкцый у адносінах да рэжыму Лукашэнкі, ставячы пытанне аб зняцці санкцый на беларускі калій. Паводле слоў Латушкі, летась кабінету даводзілася прыкладаць значныя намаганні для абароны ўжо прынятых санкцый у гэтай галіне. Паводле яго сцвярджэння, гаворка ідзе не пра заробкі шахцёраў, а пра “мільярды і мільярды долараў”, якія “дасталі з кішэні Лукашэнкі і яго памагатых”; пра “карупцыйныя схемы”, пра грошы, “якія траціць рэжым Лукашэнкі”.

Нягледзячы на перамовы з прадстаўнікамі ЕС і асобных краін (у прыватнасці, Германіі і Францыі), якія адбыліся ў снежні, сітуацыя, адзначыў Латушка, “застаецца патавай”.

Партугалія зазнала дыктатуру Антані дзі Салазара ў 1932–1968 гадах.

Падзяліцца: