Мінск 02:20

Разам з кіраўніком МЗС Венгрыі Сіярта ў Беларусь прыбудуць прадстаўнікі 24 венгерскіх кампаній

Крыніца: старонка Сіярта ў "Фэйсбуку"

29 траўня, Позірк. Мэта Венгрыі заключаецца ў тым, каб “развіваць супрацоўніцтва з Беларуссю ў галінах, не закранутых санкцыямі”, заявіў міністр замежных спраў і знешняга гандлю гэтай еўрапейскай краіны Петэр Сіярта раніцай 29 траўня перад выпраўленнем у Мінск.

“Еўропа знаходзіцца ў вельмі складанай сітуацыі, — напісаў чыноўнік на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”. — У выніку вайны і прынятых у адказ мер супраца паміж усходняй і заходняй часткамі кантынента становіцца ўсё больш складаным. <…> Менавіта таму мы зараз адпраўляемся ў Мінск на пасяджэнне аб’яднанага эканамічнага камітэта і менавіта таму з намі едуць 24 кіраўнікі венгерскіх кампаній”.

Пра тое, што Сіярта 29 траўня здзейсніць працоўны візіт у Беларусь, напярэдадні паведаміла прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Паводле інфармацыі МЗС, у Мінску ён правядзе перамовы са сваім калегам Сяргеем Алейнікам — у вузкім і пашыраным складах.

Кіраўнікі ведамстваў у якасці сустаршыняў правядуць 12-е пасяджэнне міжурадавай беларуска-венгерскай камісіі па эканамічнай супрацы.

“Мяркуецца абмеркаваць шэраг прыкладных гандлёва-эканамічных і інвестыцыйных пытанняў, — гаварылася ў паведамленні. — У фокусе працы будуць тэмы ўзаемадзеяння ў сферах энергетыкі, сельскай гаспадаркі, прамысловай кааперацыі, аховы здароўя, фармацэўтыкі, будаўніцтва, спорту, турызму, адукацыі і навукі”.

“Напярэдадні пасяджэння камісіі пройдуць сустрэчы працоўных груп. У рамках візіту таксама запланавана правядзенне бізнес-форуму, які адкрыюць кіраўнікі МЗС Беларусі і Венгрыі”, — адзначыла знешнепалітычнае ведамства.

Сіярта наведваў Беларусь у лютым 2023 года, падчас візіту была падпісана гадавая праграма супрацы паміж міністэрствамі замежных спраў дзвюх дзяржаў, якая прадугледжвала “працяг дыялогу, комплекс захадаў па стымуляванні эканамічнага супрацоўніцтва, адукацыйных і культурных абменаў”.

23 кастрычніка таго ж года ён “нечакана прыбыў” у Беларусь на канферэнцыю “Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў трансфармаваным свеце”. Тады адбыліся яго сустрэчы з Алейнікам і Аляксандрам Лукашэнкам.

Венгрыя застаецца адзінай краінай Езрасаюза, якая падтрымлівае публічныя кантакты з афіцыйным Мінскам. Як член ЕС яна была вымушана далучыцца да санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, але прадстаўнікі венгерскіх уладаў неаднаразова заяўлялі, што не падтрымліваюць іх увядзенне.

Акрамя таго, Венгрыя — адзіная краіна ЕС, у якую яшчэ не здзяйсняла візіт беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Для падпісчыкаў “Позірк+”:

Магчыма, у Будапешце не хапае разумення, што такое рэжым Лукашэнкі — Вячорка пра адсутнасць запрашэння Ціханоўскай у Венгрыю

13 траўня, Позірк. Пасля візіту на Мальту на пачатку траўня адзінай краінай Еўрапейскага саюза, якую не наведала Святлана Ціханоўская, засталася Венгрыя, урад якой на афіцыйным узроўні супрацоўнічае з беларускімі ўладамі. "Само па сабе запрашэнне Ціханоўскай у сталіцу замежнай дзяржавы — …
Падзяліцца: