Мінск 15:31

Польшча абвінаваціла двух беларусаў у дзеяннях па заданні выведкі РФ, максімальнае пакаранне — пажыццёвае зняволенне

Крыніца: pexels.com

29 траўня, Позірк. Ніжнесілезскім аддзяленнем Нацыянальнай пракуратуры Польшчы прад’яўлена абвінавачванне па справе аб дзейнасці па заданні расійскай разведкі, паведаміла 29 мая прэс-служба ведамства.

Па справе праходзяць тры чалавекі — двое грамадзян Беларусі і грамадзянін Польшчы.

Іх абвінавачваюць ва “ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, накіраваным на правядзенне дзейнасці замежнай выведкі супраць Рэспублікі Польшча”, у абмен на “атрыманні фінансавай выгады”. Сукупна паводле двух крымінальных артыкулаў абвінавачаным пагражае тэрмін зняволення аж да пажыццёвага, падкрэсліваецца ў паведамленні.

Адзначаецца, што фігурантам інкрымінуюцца “правядзенне дыверсій і дыверсійнай дзейнасці па заданні раіейскай выведкі”.

“У сувязі з неабходнасцю забеспячэння належнага ходу разбіральніцтва, асцярогамі махлярства, уцёкаў, утойвання падазраваных і рызыкі суровага пакарання” пракуратура хадайнічала аб заключэнні абвінавачаных пад варту, гаворыцца ў паведамленні ведамства. Суд прашэнне падтрымаў.

28 траўня польскія СМІ паведамілі пра затрыманне Агенцтвам унутранай бяспекі (АУБ) некалькіх чалавек па падазрэнні ў здзяйсненні падпалаў на тэрыторыі краіны.

Заяўлялася, што ў ліку затрыманых два беларусы.

Пры ператрусе аўтамабіля Renault, які належыць грамадзяніну Беларусі, выяўленыя “пустыя каністры, буйная сума наяўных грошай у рознай валюце, а таксама кабелі, лом і прадметы, якія нагадваюць батарэйкі”, адзначалася ў публікацыях.

21 траўня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што сярод падазраваных у арганізаваных Расіяй спробах дыверсій ёсць грамадзяне Беларусі. Гаворка ішла, у прыватнасці, аб спыненай спробе падпалу завода па вытворчасці фарбаў ва Уроцлаве (Ніжнесілезскае ваяводства).

“На гэты момант у нас ёсць дзевяць падазраваных, арыштаваных і абвінавачаных ва ўдзеле ў дыверсіях у Польшчы на запыт расійскіх службаў. Гэта тычыцца нападу, падпалу і спробы падпалу”, — сказаў ён.

Паводле слоў палітыка, гаворка ідзе пра людзей з “крымінальнага свету”: “Гэта тычыцца грамадзян Украіны, Беларусі і Польшчы. Гэтае пытанне не носіць нацыянальнага характару”.

Падобныя дзеянні планаваліся таксама ў Літве, Латвіі і Швецыі, сцвярджае кіраўнік польскага ўрада.

Падзяліцца: