Мінск 07:15

Ціханоўская вітае новую рэдакцыю Акта аб дэмакратыі ў Беларусі

Капітолій Вашынгтона — месца для пасяджэнняў Кангрэса ЗША
Ілюстрацыйнае фота: unsplash.com / Louis Velazquez

8 чэрвеня, Позірк. Новай рэдакцыяй Акта аб дэмакратыі ў Беларусі Кангрэс ЗША “працягвае сваю шматгадовую падтрымку дэмакратычных памкненняў беларусаў”, такое меркаванне выказала кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская.

Палітык напісала на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х, што “гэты важны законапраект, які знаходзіцца на разглядзе Палаты прадстаўнікоў” амерыканскага парламента, “яшчэ больш падкрэслівае” суверэнітэт Беларусі і нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў.

“Ён асуджае рэпрэсіўныя дзеянні рэжыму Лукашэнкі, падтрымлівае нашыя дэмакратычныя памкненні і заклікае да ўзмацнення санкцый. Ён таксама патрабуе неадкладнага вызвалення палітычных зняволеных і спынення выкарыстання тэрыторыі Беларусі для расійскай агрэсіі супраць Украіны”, — дадала беларускі дэмлідар.

Кангрэс ЗША апублікаваў праект абноўленага Акту аб дэмакратыі ў Беларусі

7 чэрвеня, Позірк. Праект абноўленага Акту аб дэмакратыі ў Беларусі апублікаваны 7 чэрвеня на сайце Кангрэсу ЗША. У дакуменце, які будзе разгледжаны ў абедзвюх палатах амерыканскага парламента, утрымліваецца шэраг палажэнняў аб сітуацыі ў Беларусі і дадзена ацэнка падзей у краіне …

Ціханоўская назвала ключавымі пунктамі новай рэдакцыі Акту аб дэмакратыі “правасуддзе за парушэнні правоў чалавека і саўдзел у расійскай агрэсіі; падтрымку свабоды слова, незалежных СМІ і няўрадавых арганізацый; узмацненне санкцый супраць рэжыму і эканамічную падтрымку дэмакратычнага развіцця Беларусі; салідарнасць з беларусамі, якія імкнуцца да свабоды, правоў чалавека і вяршэнства закону”.

Асаблівую падзяку за распрацоўку абноўленай версіі акта палітык выказала кангрэсмэну Крысу Сміту, а таксама першапачатковым сааўтарам гэтага дакумента — Білу Кіцінгу, Тому Кейну, Марсі Каптур і Джо Уілсану.

“Шчырая падзяка народу ЗША за тое, што ён падтрымлівае беларусаў у імкненні да свабоды. Мы ніколі не забудзем вашую салідарнасць, падтрымку і сяброўства!” — падкрэсліла Ціханоўская.

Чакаецца, што новая рэдакцыя Акту аб дэмакратыі ў Беларусі будзе пранятая да канца 2024 года.

Раней гэты дакумент, прыняты ў 2004-м, абнаўляўся ў 2006, 2011 і 2020 гадах. Ён стаў дэманстрацыяй паслядоўнай падтрымкі з боку ЗША незалежнай, суверэннай, дэмакратычнай Беларусі.

Кавалеўскі: Акт аб дэмакратыі ў Беларусі падтрымлівае імкненне нашага народа да свабоды

7 чэрвеня, Позірк. Апублікаваны 7 чэрвеня Кангрэсам ЗША праект абноўленага Акта аб дэмакратыі ў Беларусі "выказвае салідарнасць з беларускім народам, падтрымліваючы яго імкненне да свабоды, правоў чалавека, вяршэнства закона і захавання незалежнасці краіны", заявіў намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК) …
Падзяліцца: