Мінск 10:06

Пасля сустрэчы Ціханоўскай з дарадцам Байдэна ЗША заявілі аб “нязменнай падтрымцы” беларускага народа

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

13 чэрвеня, Позірк. Аб “нязменнай падтрымцы” беларускага народа ў яго імкненні да дэмакратычнай будучыні заявіў Вашынгтон па выніках сустрэчы 12 чэрвеня Святланы Ціханоўскай і дарадцы прэзідэнта ЗША Джо Байдэна па нацыянальнай бяспецы Джэйка Салівана.

Як паведамляецца на сайце Белага дома, на сустрэчы Саліван “ясна даў зразумець, што Злучаныя Штаты разам з партнёрамі і саюзнікамі працягнуць прадпрымаць крокі па прыцягненні рэжыму Лукашэнкі да адказнасці, у тым ліку шляхам увядзення дадатковых санкцый”.

“Бакі абмеркавалі падтрымку рэжымам Лукашэнкі вайны Расіі супраць Украіны, якая працягваецца, утрыманне ў зняволенні палітвязняў і абуральныя парушэнні правоў чалавека. Яны таксама разгледзелі планы па працягу стратэгічнага дыялогу паміж урадам Злучаных Штатаў і беларускім дэмакратычным рухам і грамадзянскай супольнасцю”, — гаворыцца ў паведамленні.

Сустрэча Ціханоўскай і Салівана прайшла 12 чэрвеня ў Вашынгтоне.

Як адзначыла прэс-служба дэмлідара, падчас перамоваў Ціханоўская “расказала пра беларускіх добраахвотнікаў і валанцёраў ва Украіне” і “падкрэсліла важнасць перамогі Украіны для перамен у Беларусі”. Палітык таксама ўзняла пытанне вайскова-палітычнай сітуацыі ў Беларусі, “падсвятліўшы мізэрную падтрымку грамадствам уступлення ў вайну і ўніфікацыі з Расіяй”.

Кажучы пра ўзмацненне ціску на рэжым Лукашэнкі, Ціханоўская адзначыла, што санкцыі “не павінны мець шчылін і павінны быць накіраваныя на вызваленне палітвязняў, супраць рэжыму і яго дапамогі Расіі ў вайне”.

12 чэрвеня ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць кампаній і фізічных асоб, якія аказваюць падтрымку Расіі ў агрэсіі супраць Украіны. У спіс уключаныя пяць беларускіх прадпрыемстваў і іх кіраўнікі.

Падзяліцца: