Мінск 09:33

Адмоўнае гандлёвае сальда не выклікае турботы Галоўчанкі, нягледзячы на прэтэнзіі Лукашэнкі

Крыніца: pixabay.com

17 чэрвеня, Позірк. Лічба адмоўнага сальда ў знешнім гандлі “не выклікае нейкай турботы”, яна “будзе перакрытая ўжо па выніках трох кварталаў”, заявіў дзяржСМІ прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 17 чэрвеня пасля дакладу Аляксандру Лукашэнку.

“Нейкай катастрофы няма. Калі казаць пра прычыны, то яны празаічныя: сусветная цана на нафту вырасла. Мы закупляем сырую нафту, таму гэта адыграла на павелічэнне кошту імпарту, плюс знізіліся цэны на традыцыйныя беларускія тавары на знешніх рынках”, — сказаў ён (цытата па відэафрагменце, распаўсюджаным прэс-службай Савета міністраў).

“Мы, хоць і павялічылі фізічныя аб’ёмы экспарту практычна на 10%, але ў грошах атрымалі крыху менш з-за цэнавай прасадкі”, — патлумачыў кіраўнік урада.

З красавіка назіраецца зваротная дынаміка, “кошты пачынаюць падрастаць”, дадаў Галоўчанка.

Некалькімі гадзінамі раней падчас дакладу Лукашэнкі прэм’ер-міністр адзначыў, за студзень — травень з пяці асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця “цалкам выкананыя і перавыкананыя чатыры”.

Лукашэнка, у сваю чаргу, заявіў, што ў эканоміцы “ёсць пэўныя, як заўсёды, насцярожваючыя фактары”: “Але самае галоўнае, я заўважыў у сродках масавай інфармацыі рознага ўзроўню, тое, што ў нас адмоўнае сальда. Хоць невялікае, але складваецца адмоўнае сальда”.

Нацыянальны статыстычны камітэт паведамляў, што знешнегандлёвы абарот тавараў у студзені — красавіку склаў 27 млрд 576,7 млн долараў — на 4% больш, чым за аналагічны перыяд 2023-га (26 млрд 525,3 млн).

Экспарт за чатыры месяцы дасягнуў 13 млрд 152,6 млн (12 млрд 725,9 млн; +3,4%), імпарт — 14 млрд 424,1 млн (13 млрд 799,4 млн; +4,5%). Адмоўнае сальда склала 1 млрд 271,5 млн долараў (у студзені — красавіку 2023-га 1 млрд 73,5 млн).

Падзяліцца: