Мінск 01:17

Кіраўнік МЗС Латвіі заклікала працягнуць ціск на беларускі рэжым дзеля вызвалення ўсіх палітвязняў

Фота: mfa.gov.lv

5 ліпеня, Позірк. Пра неабходнасць працягнуць міжнародны ціск на беларускі рэжым для вызвалення ўсіх палітвязняў заявіла міністра замежных спраў Латвіі Байба Бражэ на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай.

Перамовы адбыліся 4 ліпеня ў Рызе падчас двухдзённага візіту беларускага дэмакратычнага лідара ў Латвію.

Сваю пазіцыю Бражэ выказала ў сувязі з вызваленнем першых палітвязняў, якое анансаваў 2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка.

Бакі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку рэпрэсіі, якія працягваюцца ў дачыненні да актывістаў грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі, паведамляе прэс-служба латвійскага МЗС. Міністр “пацвердзіла непахісную падтрымку Латвіяй намаганняў беларускай апазіцыі па стварэнні свабоднай і дэмакратычнай Беларусі ў Еўропе”.

Адзначаецца, што Ціханоўская “высока ацаніла цвёрдую пазіцыю Латвіі ў дачыненні да рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі, яго ролі ў выкарыстанні нелегальнай міграцыі і падтрымкі расійскай агрэсіі супраць Украіны”. Палітыкі “пагадзіліся з неабходнасцю ўзмацніць і сінхранізаваць рэжым санкцый ЕС супраць Беларусі з санкцыямі, накіраванымі супраць Расіі”.

5 ліпеня беларускі дэмлідар возьме ўдзел у дыялогавым фестывалі LAMPA. Разам з парламенцкім сакратаром МЗС Латвіі Дацэ Мелбардэ (прызначана на пасаду сёлета ў траўні пасля пяці гадоў працы дэпутатам Еўрапарламента) яна выступіць на дыскусіі “Балтыйскія краіны і чацвёртая сястра”. Тэма — нацыянальная ідэнтычнасць і палітычны выбар, паведамляе знешнепалітычнае ведамства.

Падзяліцца: