Мінск 11:57

Захады ЕС, што абмяжоўваюць мабільнасць беларусаў, ствараюць жалезную заслону, лічыць дарадца Ціханоўскай

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 24 ліпеня 2024 года ў 17:54

22 ліпеня, Позірк. Калі Еўрасаюз не змякчыць абмежаванні па ўездзе аўтамабіляў з беларускімі нумарамі, гэта будзе мець “доўгатэрміновыя адмоўныя наступствы для праеўрапейскіх настрояў у беларускім грамадстве”, заявіў у каментарыі “Позірку” дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч.

Суразмозца нагадаў, што ўведзены 29 чэрвеня пакет абмежавальных мер ЕС у дачыненні да Мінска быў закліканы сінхранізаваць санкцыі супраць рэжымаў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

Іншымі словамі “гэтыя санкцыі ўжо раней былі ўведзеныя ў дачыненні да Расіі”. Адно з абмежаванняў тычыцца ўезду на тэрыторыю Еўрасаюза легкавых машын на беларускіх нумарах.

Нацыянальныя органы краін ЕС, звяртае ўвагу дарадца Ціханоўскай, “па-рознаму інтэрпрэтуюць рашэнне Савета Еўрасаюза”. “Тады як Латвія і Эстонія ўвялі забарону на ўезд у свае краіны машын на беларускіх нумарах, Літва дала месячную адтэрміноўку, а Польшча дазваляе ўезд, калі за стырном знаходзіцца ўласнік машыны”, — адзначыў Аляхновіч.

У цэлым такая палітыка “б’е па мабільнасці беларусаў”, суразмоўца лічыць гэта “вялікай памылкай” з боку Бруселя.

“Пасля захопу самалёта Ryanair, была ўведзена забарона на пералёты паміж ЕС і Беларуссю, — нагадаў ён. — У пандэмію былі спыненыя чыгуначныя зносіны паміж Мінскам і Вільнюсам, якія дагэтуль не адноўленыя. Цяпер уводзяцца новыя абмежаванні. Некранутым застаецца пакуль аўтобусны транспарт”.

Крокі, якія вядуць да абмежавання мабільнасці звычайных беларусаў, дарадца дэмлідара называе “непажаданымі”, таму што яны “датычныя да стварэння новай жалезнай заслоны паміж дэмакратычнымі краінамі Еўропы і Беларуссю”.

Паводле слоў Аляхновіча, такімі дзеяннямі ЕС “умацоўвае памылковую тэзу лукашэнкаўскай прапаганды, што беларусаў ніхто на Захадзе не чакае, што Беларусь можа разлічваць толькі на Расію”.

Эканаміст не бачыць, каб уведзеная забарона на ўезд машын на беларускіх нумарах істотна абмяжоўвала знешні гандаль паміж Беларуссю і краінамі ЕС.

“Гэты гандаль адбываецца найперш праз грузавыя аўтамабілі і чыгуначны транспарт. Асабліва цынічна такія захады выглядаюць на фоне існага гандлю паміж бізнесамі краін ЕС і РФ, напрыклад, праз Беларусь, Казахстан або Кыргызстан”, — падсумаваў Аляхновіч.

Забарону на ўезд аўтамабіляў з беларускімі нумарамі Рыга ўвяла з 16 ліпеня, Вільнюс — з 18-га. Талін паведаміў пра аналагічныя дзеянні, але канкрэтную дату не назваў.

Ціханоўская 16 ліпеня заявіла, што “абмежаванні на ўезд у Еўрасаюз аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй — паспешнае і шкоднае рашэнне, якое б’е па людзях, а не па рэжыме Лукашэнкі”.

На гэтым фоне Лукашэнка ўхваліў ініцыятыву Міністэрства замежных спраў увесці з 19 ліпеня бязвізавы рэжым для 35 грамадзян краін Еўропы, якія прыбываюць праз пагранпераходы і аэрапорты.

Падзяліцца: