Мінск 18:48

Патрабаваць ад Беларусі выплат па еўрабондах у валюце некарэктна — Шпакоўскі

Архіўнае фота: "Минск-новости"

29 ліпеня, Позірк. Беларусь “сударна шукае рашэнні, як выканаць абавязацельствы перад інвестарамі”, якія набылі беларускія еўрааблігацыі, заявіў саветнік-пасланнік пасольства Беларусі ў РФ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Шпакоўскі ў інтэрв’ю ютуб-каналу “Минск-Москва | Прамой эфир” 29 ліпеня.

“Беларусь аказалася ў форс-мажорнай сітуацыі. На момант набыцця гэтых еўрабондаў юрыдычных рашэнняў аб увядзенні санкцый не было. Мы зараз, як і Расія, знаходзімся пад санкцыямі Захаду. Зразумела, што на сённяшні дзень патрабаваць выконваць гэтыя абавязацельствы ў замежнай валюце, як мне падаецца, некарэктна”, — сказаў ён.

Намеры расійскіх інвестараў у сувязі з нявыплатамі звярнуцца ў Лонданскі арбітраж ён назваў “шляхам у нікуды”: “Асабліва з улікам таго, што ў нас ёсць меркаванне адносна непрадузятасці такіх структур”.

Разам з тым Шпакоўскі лічыць “адэкватным маршрутам” вядзенне “спакойнага дыялогу з беларускім урадам” на гэтую тэму.

“Хачу запэўніць усіх зацікаўленых, што афіцыйны Мінск зацікаўлены ў тым, каб падысці максімальна карэктна і выканаць узятыя на сябе абавязацельствы. Проста неабходна ўлічваць той кантэкст, у якім мы апынуліся на сучасным этапе”, — заявіў дэпутат.

Закранаючы тэму “гаспадарчых пытанняў” паміж Мінскам і Масквой, ён зазначыў, што на двухбаковых перамовах “часам іскрыць”, таму што кожная з краін “спрабуе дабіцца больш выгадных для сябе ўмоў”.

Беларускую пазіцыю, датычную коштаў на энергарэсурсы, прадстаўнік амбасады лічыць “справядлівай”: “Беларусь не настойвае ні на якіх ільготах. Гэта — міф. Мы гаворым аб роўным цэнаўтварэнні на энергарэсурсы, таму што адзіная эканамічная прастора прадугледжвае адзіныя рынкі”.

Не варта палітызаваць гаспадарчыя пытанні ва ўзаемаадносінах дзвюх краін, мяркуе ён: “Цяпер мы знаходзімся ў такой сітуацыі, калі стратэгічная рамка вызначана — ваенная і палітычная”.

“Мы — бліжэйшыя саюзнікі, спіна да спіны супрацьстаім сусветнаму злу, якое зноў паставіла перад сабой мэту сцерці нашу славянскую цывілізацыю, апорай якой цяпер з’яўляюцца Беларусь і Расія”, — сказаў на заканчэнне Шпакоўскі.

28 чэрвеня 2022 года Савет міністраў і Нацыянальны банк прынялі сумесную пастанову, згодна з якой “выкананне даўгавых абавязацельстваў па дзяржаўных каштоўных паперах, размешчаных на знешніх фінансавых рынках, будзе ажыццяўляцца ў беларускіх рублях па курсе Нацбанка на дату плацяжу”.

З таго часу Беларусь практыкуе пералічэнне плацяжоў па даўгах у рублях на спецрахунак у “Беларусбанку”. Плацежнаму агенту ўлады прапанавалі самастойна забіраць сродкі з гэтага рахунку і разлічвацца з інвестарамі. Кампаніі Citigroup і Citibank адмовіліся выступаць агентамі ў адносінах да беларускіх еўрабондаў.

Неўзабаве пасля гэтага міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы Fitch Ratings і Moody’s панізілі крэдытны рэйтынг Беларусі: першае заявіла, што дэфолт у краіне непазбежны, другое назвала сітуацыю дэфолтам.

У сувязі з сітуацыяй, якая склалася расійскія прыватныя інвестары, як паведамляў РБК, звярнуліся да манетарных уладаў РФ з просьбай абмежаваць доступ Беларусі да міждзяржаўных крэдытаў і расійскага рынку капіталу з-за нявыплат па раней выпушчаных еўрааблігацыях.

Аўтарам зваротаў ад імя інвестараў выступіў Аляксандр Марчанкаў (патрабаваў спагнаць з Мінфіна Беларусі запазычанасць па еўрабондах у памеры 310 тыс. долараў — іск тычыўся двух выпускаў еўрааблігацый; 6 верасня Масгарсуд спыніў разгляд іску з-за непадсуднасці справы расійскім судам). У лісце ён пазначаны як прадстаўнік ініцыятыўнай групы інвестараў (200 фізічных асоб і 30 арганізацый).

Заяўнікі прасілі прызнаць беларускі Мінфін “нядобрасумленным пазычальнікам” і “абмежаваць для яго доступ на рынак капіталу Расіі”.

Інвестары паведамілі агенцтву аб намеры звярнуцца з іскам наконт нявыплат па беларускіх дзяржпаперах у Лонданскі міжнародны арбітраж.

Лукашэнка і Пуцін на Валааме сярод іншага абмяркоўвалі цэны на нафту для Беларусі

29 ліпеня, Позірк. Новую формулу цэнаўтварэння на нафту, перадаплату за яе і ўтылізацыйны збор сярод іншага абмяркоўваў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным на Валааме (Рэспубліка Карэлія) у рамках візіту ў Расію 25–27 ліпеня. На нарадзе па міжнародных пытаннях 29 ліпеня …
Падзяліцца: