Мінск 02:29

МЗС ФРГ зноў адмовіўся каментаваць магчымы абмен Крыгера

МЗС ФРГ
Ілюстрацыйнае фота: tagesschau.de

31 ліпеня, Позірк. Нямецкі бок імкнецца да таго, каб памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам грамадзянін ФРГ Рыка Крыгер вярнуўся на радзіму “як мага хутчэй”, паведамляе “DW Беларусь” са спасылкай на прэс-сакратара МЗС Германіі Себасцьяна Фішэра.

На прэс-канферэнцыі ўрада ён не стаў адказваць на пытанне, ці выстаўляў Мінск якія-небудзь умовы па Крыгеру. “Я не хачу каментаваць, што заахвоціла спадара Лукашэнку памілаваць нямецкага грамадзяніна. Магу толькі сказаць, што гэтая навіна прынесла нам палягчэнне”, — заявіў Фішэр.

На пытанне, ці звязанае памілаванне з магчымым абменам беларускіх ці расійскіх палітвязняў, прадстаўнік МЗС, як і раней, адказваць адмовіўся.

Меркаванне пра тое, што Крыгер можа стаць прадметам нейкага абмену зняволенымі, у якім будуць удзельнічаць не толькі Германія і Беларусь, але і Расія і ЗША, выказваецца ў шэрагу заходніх СМІ.

24 чэрвеня Мінскі абласны суд (суддзя Алег Лапека) вынес Крыгеру смяротны прыгавор. Мужчына быў прызнаны вінаватым паводле ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін), ч. 3 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму), арт. 3581(агентурная дзейнасць) і арт. 133 (наёмніцтва) Крымінальнага кодэкса.

МЗС Беларусі 20 ліпеня паведаміла, што беларускі бок прапанаваў Германіі “канкрэтныя рашэнні па наяўных варыянтах развіцця сітуацыі”.

30 ліпеня стала вядома, што Крыгер звярнуўся да Лукашэнкі з прашэннем аб памілаванні. У той самы дзень грамадзянін ФРГ быў памілаваны.

За тыдзень да гэтага, 23 ліпеня, канцлер ФРГ Олаф Шольц адмовіўся каментаваць магчымы абмен афіцэра ФСБ Расіі Вадзіма Красікава, прыгаворанага ў Германіі да пажыццёвага тэрміну, у тым ліку на Крыгера. “Прынцып захавання дзяржаўных інтарэсаў не дазваляе мне спекуляваць на такія тэмы”, — сказаў Шольц.

На тэлеканале “Беларусь 1” 25 ліпеня быў паказаны маналог Крыгера. Ён расказаў пра сустрэчу з нямецкімі дыпламатамі і пра тое, што яны мелі магчымасць сачыць за судовым працэсам, але нібыта адмовіліся дапамагчы. У сюжэце сцвярджалася, што Крыгер быў завербаваны Службай бяспекі Украіны для здзяйснення тэрактаў у Беларусі.

Падзяліцца: