Мінск 05:25

Азербайджанская статыстыка фіксуе значны рост гандлю з Беларуссю

Баку
Ілюстрацыйнае фота: wikimedia.org

3 верасня, Позірк. У студзені — ліпені 2024 года тавараабарот Азербайджана і Беларусі перавысіў 248,2 млн долараў, павялічыўшыся на 28,7% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, паведамляе медыя AzerNews са спасылкай на даныя азербайджанскага мытнага камітэта.

Экспарт Азербайджана вырас на 44,8% і дасягнуў 24,4 млн долараў, імпарт з Беларусі — на 27,2%, да 222,8 млн.

Доля гандлю з Беларуссю ў агульным тавараабароце Азербайджана за названы перыяд 2024 года склала 0,9% — на 0,3 працэнтнага пункта больш, чым за тыя ж месяцы 2023 года.

Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 26 жніўня з 60-годдзем Мехрыбан Аліеву — азербайджанскага першага віцэ-прэзідэнта і жонку кіраўніка дзяржавы Ільхама Аліева, выказаў меркаванне, што рэалізацыя “маштабных планаў па нарошчванні ўсяго комплексу” стасункаў Беларусі і Азербайджана “ў поўнай меры адпавядае інтарэсам брацкіх народаў”.

Ён заявіў, што шануе “дасягнуты ўзровень партнёрства паміж Мінскам і Баку”, адзначаны “высокай ступенню ўзаемнага даверу, шчыльнымі кантактамі ў розных галінах і вялікай стратэгічнай значнасцю”.

Азербайджан, з якім рэжым Лукашэнкі імкнецца ўмацоўваць стасункі, фактычна з’яўляецца ворагам Арменіі — фармальнага саюзніка Мінска па Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) і партнёра па Еўразійскім эканамічным саюзе.

Ерэван замарозіў удзел і не выключыў магчымасці выхаду з АДКБ, абвінаваціўшы арганізацыю ў бяздзейнасці падчас карабахскага канфлікту, а асобных членаў — у тым, што яны “планавалі вайну” супраць Арменіі разам з Азербайджанам. Акрамя таго, прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што ні ён, ані які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Мінску знаходзіцца Лукашэнка — праз заявы апошняга пра згаданы канфлікт на сустрэчы з Аліевым у сярэдзіне траўня.

Пасля чарговых антыармянскіх заяў Лукашэнкі ў інтэрв’ю тэлеканалу “Расія” каля беларускай амбасады пад Ерэванам 21 жніўня адбылася акцыя пратэсту, падчас якой дыпмісію закідалі яйкамі, памідорамі, бульбай. Армянскія палітыкі прапанавалі разарваць дыпламатычныя стасункі з Беларуссю.

1 верасня ў Азербайджане прайшлі датэрміновыя парламенцкія выбары, якія, на думку старшыні камісіі па міжнародных справах ніжняй палаты беларускага парламента Сяргея Рачкова, што ўваходзіў у місію назіральнікаў ад Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, былі празрыстымі і прайшлі без парушэнняў.

Партыя Аліева “Новы Азербайджан”, паводле папярэдніх вынікаў, атрымала 68 з 125 месцаў у парламенце краіны, яшчэ 46 крэслаў дастануцца незалежным кандыдатам, якія падтрымліваюць цяперашні курс уладаў.

Выбары прайшлі без удзелу назіральнікаў ад Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы і на фоне росту колькасці палітычных зняволеных у краіне. Галоўная апазіцыйная партыя краіны — Партыя Народнага Фронту Азербайджана — прыняла рашэнне байкатаваць датэрміновыя парламенцкія выбары, паколькі ў іх не было “і аднаго адсотку празрыстасці”.

Падзяліцца: