Мінск 21:05

“Беларуськалій” пяць гадоў пастаўляў тэхнічную соль у “днр” і “лнр” — расследаванне

Ілюстрацыйнае фота: lrt.lt

11 верасня, Позірк. Самаабвешчаныя данецкая і луганская народныя рэспублікі (“днр” і “лнр”) у 2017—2022 гадах закуплялі тэхнічную соль, вырабленую на “Беларуськаліі”, паведаміла каманда журналістаў-следчых “Бюро медыя”.

Такія высновы зробленыя на падставе наяўных у распараджэнні “Бюро” мытных даных, а таксама інфармацыі аднаго з пасярэднікаў — данецкай кампаніі “АСК рэгіён”.

Адзначаецца, што гаворка ідзе пра пастаўкі мінеральнага канцэнтрату — галіта, які ўжываюць для ачысткі вады і барацьбы з галалёдам. Галіт яшчэ называюць тэхнічнай соллю.

Паводле інфармацыі “Бюро медыя”, спачатку “Беларуськалій” прадаваў галіт гандлёвым кампаніям з “днр” і “лнр”, затым прадпрыемства перайшло да прамых кантрактаў з мясцовай “адміністрацыяй”. У прыватнасці, у 2020 годзе прадпрыемства паставіла на акупаваныя тэрыторыі Украіны больш за 3,6 тыс. тон тэхнічнай солі на суму звыш 265 тыс. долараў. Атрымальнікам грузу ў мытных дэкларацыях пазначана “міністэрства будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі “днр”. У “міністэрстве” і “Беларуськаліі” адмовіліся ад каментароў прадстаўніку “Бюро”.

Паводле звестак “Бюро Медыя”, у 2021 і 2022 гадах пастаўкі беларускай тэхнічнай солі працягнуліся, але ўжо не наўпрост, а праз пасярэдніка. “Беларуськалій” прадаваў сваю прадукцыю кампаніі “АСК рэгіён”, якая вазіла яе ў Данецк нават пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну — у сакавіку 2022 года. Аб’ёмы паставак — звыш адной тысячы тон больш чым на 63 тыс. долараў.

ААТ “Беларуськалій”, вытворца калійных угнаенняў, знаходзіцца пад санкцыямі ЕС з 2022 года. Праз іх уплыў нарвежскі пастаўшчык калію Yara — адзін з найбуйнейшых у Еўропе пакупнікоў беларускіх угнаенняў— абвясціў аб спыненні супрацоўніцтва з “Беларуськаліем”.

Выручка ад экспарту калійных угнаенняў з’яўляецца значным складнікам даходнай часткі дзяржбюджэту Беларусі. Асноўныя імпарцёры беларускага калію — Бразілія, Кітай і Індыя.

Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Антоніу Гутэрыш на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН 5 траўня 2023 года заявіў аб неабходнасці зняцця санкцый з экспарту беларускіх і расійскіх угнаенняў. Паводле слоў Гутэрыша, на сустрэчах з прэзідэнтамі Расіі і Украіны ён уздымаў прабоему харчовага крызісу, які з прычыны вайны ва Украіне паўстаў у Сенегале, Нігеры і Нігерыі.

Дэмсілы Беларусі выступаюць супраць такога рашэння.

30 верасня 2022 года Уладзімір Пуцін падпісаў “дакументы” аб уваходжанні ў склад РФ так званых “Данецкай і Луганскай народных рэспублік”, а таксама “Запарожскай і Херсонскай абласцей”. За некалькі дзён да гэтага на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях пад кантролем расійскіх вайскоўцаў прайшлі адпаведныя”рэферэндумы”.

На пачатку гэтага года Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі дэ-факта прызнаў сепаратысцкія ўтварэнні “днр” і ” лнр”. 6 студзеня на сайце верхняй палаты беларускага парламента з’явіўся прэс-рэліз, з якога вынікала, што чалец СР НС Дзмітрый Баскаў “узяў удзел у акцыі фонду [паралімпійца] Аляксея Талая ў арганізацыі знаходжання школьнікаў з Данецкай і Луганскай рэспублік у Менску ў перыяд зімовых школьных вакацый”.

Разам з тым дэ-юрэ беларускія ўлады не прызналі незалежнасць “днр” і “лнр”, роўна як іх “далучэнне” да Расіі пасля “рэферэндумаў”, пры гэтым Мінск ухваляе агрэсію РФ супраць Украіны і ўскосна ўдзельнічае ў ёй.

“Бюро медыя” пазіцыянуе сябе як каманда беларускіх журналістаў-расследавальнікаў, якія “выкрываюць тых, хто выкарыстоўваюць грошы і ўладу на шкоду грамадству, знаходзяць і расследуюць схемы з прыкметамі карупцыі і іншыя парушэнні законаў дзеля пераменаў да лепшага”.

Каманда дакументуе “факты хабарніцтва, махлярства, сыходу ад падаткаў, адмывання грошай, кумаўства, абыходу санкцый, парушэнняў правоў чалавека і іншых злачынстваў у розных галінах — ад эканомікі да адукацыі, ад палітыкі да медыцыны”.

10 верасня Аляксандр Ярашэвіч і Ксенія Вазнікоўцава з “Бюро медыя” атрымалі першую прэмію Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) як аўтары найлепшага расследавання за матэрыял “Спонсары раскошы. Як беларусы ганяюць у Расію люксавыя еўрапейскія аўто ў абыход санкцый”.

Падзяліцца: