Мінск 10:48

Лукашэнка заклікаў расіян купляць беларускія тавары замест тых, якія трапілі пад “заходнія фашысцкія санкцыі”

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

30 верасня, Позірк. “Пэўным ціскам з боку Захаду” прадыктаваная ўзаемная цікавасць да супрацоўніцтва Беларусі і Рэспублікі Саха (Якуція, РФ), заявіў Аляксандр Лукашэнка 30 верасня на сустрэчы з кіраўніком гэтага расійскага рэгіёну Айсенам Мікалаевым.

“Я маю на ўвазе заходнія фашысцкія санкцыі. Як я кажу кожнаму расійскаму губернатару, калі нешта трапіла пад забарону, купляйце беларускае. Мы, напэўна, на шмат адсоткаў зможам замясціць вам заходнія тавары”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Ён прапанаваў Мікалаеву ў якасці альтэрнатывы імпартнай тэхніцы для горназдабыўных прадпрыемстваў купляць кар’ерныя самазвалы БелАЗ, якія “дапамогуць перавыканаць усе планы Якуціі па павелічэнні здабычы карысных выкапняў”.

Размова на сустрэчы таксама ішла аб магчымасцях прадпрыемства “Ніва-Холдынг” (Салігорск, Мінская вобласць), якое выпускае поўны спектр абсталявання для здабычы і ўзбагачэння карысных выкапняў.

“Мы працуем комплексна. Пры вашым жаданні і гатоўнасці зрабіць стаўку на нашы машыны і абсталяванне Беларусь зможа арганізаваць у Якуціі мультыбрэндавы сэрвісны цэнтр. Галоўнае, каб аб’ёмы былі для гэтага“, — сказаў Лукашэнка.

У пачатку сустрэчы ён зрабіў Мікалаеву камплімент, адзначыўшы, што ў Якуціі “зямля такая незвычайная, рамантычная”, якая валодае “найбагацейшымі прыроднымі рэсурсамі”. Таксама Лукашэнка заявіў пра “некаторае падабенства народаў Беларусі і Якуціі, асабліва ў іх мэтанакіраванасці”.

Лукашэнка называў заходнія санкцыі фашызмам 27 верасня на сустрэчы з навучэнцамі інжынерна-тэхнічных ВНУ Мінска.

“Гэта фашызм, — сказаў ён. — Але яны ж нас вучаць дэмакратыі, яны ад нас патрабуюць гуманнасці. Гэта нават не падвойныя стандарты, а поўная дэградацыя чалавечага сумлення і годнасці”.

На той жа сустрэчы Лукашэнка заявіў, што Беларусь знаходзіцца пад санкцыямі Захаду, таму што месціцца на шляху да багатай рэсурсамі Расіі.

У дачыненні да Лукашэнкі, звязаных з ім асоб, прадстаўнікоў сілавых структур, шэрагу прадпрыемстваў (уключаючы ваенна-прамысловыя), банкаў і іншых суб’ектаў, дзейнічаюць санкцыі ЗША, Еўрапейскага саюза і шэрагу асобных дзяржаў.

Абмежавальныя меры былі ўведзеныя за рэпрэсіі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне, стварэнне міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з сумежнымі краінамі ЕС і інш.

Падзяліцца: