Мінск 16:03

Кіраўнік МУС Беларусі дамагаецца пагаднення з Турцыяй аб супрацы ў барацьбе са злачыннасцю

17 кастрычніка, Позірк. “Актывізаваць працу” па заключэнні пагаднення паміж урадамі Беларусі і Турцыі аб узаемным прызнанні і абмене нацыянальных пасведчанняў кіроўцы, а таксама аб супрацы ў галіне барацьбы са злачыннасцю прапанаваў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў амбасадару Турцыі Гючлю Джэму Ышыку на сустрэчы 17 кастрычніка.

Паводле інфармацыі прэс-службы МУС, кіраўнік ведамства “пацвердзіў гатоўнасць да сумеснай дзейнасці” — абмену досведам у сферы супрацьдзеяння кіберзлачыннасці, гандлю людзьмі, незаконнаму абароту наркотыкаў і арганізаванай злачыннасці, а таксама гарантавання грамадскай бяспекі падчас масавых спартыўных мерапрыемстваў.

Бакі абмеркавалі арганізацыю сумесных трэніровак спецыяльных падраздзяленняў па барацьбе з тэрарызмам, падрыхтоўку спецыялістаў на базе Акадэміі МУС Беларусі і Акадэміі Нацыянальнай паліцыі Турцыі.

Кубракоў праз дыпламата запрасіў свайго турэцкага калегу Алі Ерлікая наведаць Беларусь “для азнаямлення з дзейнасцю беларускага міліцэйскага ведамства”.

Амбасадар Турцыі, як сцвярджае МУС, выказаў ведамству “ўдзячнасць за наладжаныя механізмы двухбаковага ўзаемадзеяння ў праваахоўнай сферы” і адзначыў “высокі ўзровень бяспекі” ў Беларусі.

30 ліпеня стала вядома, што Мінск на просьбу Міністэрства юстыцыі Турцыі ў рамках міждзяржаўнай дамовы аб прававой дапамозе па грамадзянскіх, гаспадарчых і крымінальных справах выдасць Анкары абвінавачанага ў забойстве турэцкага грамадзяніна.

16 ліпеня намеснік начальніка Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола ў Беларусі Леанід Рахленка паведаміў, што на падставе рашэння Генеральнай пракуратуры ў Турцыю экстрадаваныя два грамадзяніны гэтай дзяржавы — мужчыны 40 і 43 гадоў.

У кастрычніку 2022 года Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю амерыканскаму тэлеканалу NBC анансаваў візіт у Анкару “найбліжэйшым часам”. Ён дагэтуль не адбыўся.

Сёлета 26 лютага Лукашэнка, віншуючы прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Тайіпа Эрдагана з 70-годдзем, выказаў спадзеў на “хуткую сустрэчу, якая, безумоўна, адкрые новую старонку ў адносінах Мінска і Анкары”.

4 ліпеня палітыкі правялі перамовы на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Астане.

Падзяліцца: